Site hosted by Angelfire.com: Build your free website today!

АЛЕСЬ САЛАВЕЙ

МАЕ ПЕСЬНІ

Зборнік лірыкі

ВЫДАВЕЦТВА ПАДРУЧНІКАЎ I ЛІТАРАТУРЫ ДЛЯ МОЛАДЗІ
МЕНСК, 1944 г.

 

 

Зямля мая — абсяг вялікіх скарбаў,

Як золата ўначы, як срэбра ўдзень.

Сярод іх шмат такіх цудоўных фарбаў,

Што лепшых нельга больш знайсьці нідзе.

Калі-б сабраў іх дбайнаю рукою

І ўставіў у слухмяныя радкі, —

Зазьзяў-бы верш вясёлкавай дугою,

Зазьнічыў-бы праз процьмы, празь вякі.

1943 г.

УЗЫЙДЗЕ РАНАК СРЭБНЫ НА ЛУГІ

**

*

Узыйдзе ранак срэбны на лугі,

Каберцы іхныя аздобіўшы ў мярэжы.

У росах заіскрацца мурагі,

На грудзі поўныя дыхне абшар бязьмежны.

Пачую я: зязюля за ракой

Куваць пачне. І дзяцел гучна будзе стукаць.

Разбудзяць ціхі ранішні спакой

Птушыных галасоў прыветлівыя гукі.

Ля нізкіх і зялёных берагоў

Крыніца жвавая ключом жывым зазвоніць.

Грамаду хмар — пажоўклых мурагоў —

На небе буйныя узьвей-вятры разгоняць.

І сонца яснае з высі тады

Пальле агністы сок цурком, нібы празь сіта;

Нап'юцца соку гэтага сады,

Памочыць вус у ім задумны колас жыта.

Туды, дзе поле шэпча збажыной,

Дзе рэчкі хуткая вада цячэ, бруіцца,

Іду, спатканы ранішняй красой,

Халоднае вады з крыніцы каб напіцца.

То скарб я п'ю дабродзейкі-зямлі,

Дзе нівы, рэкі і сады — усё жывое...

Мае тут прадзеды й бацькі жылі,

Мне ўсё тут блізкае, усё тут дарагое!

1938—1941 гг.

ГАЙНА

Ну вось — і нарадзінаў маіх дзень.

Мне дзевятнаццаць споўнілася сяньня.

Адзін. Няма сяброў. Альховы сьцень

Цяпер са мной і ты са мною, Гайна!

Твае лугі і водырная тхнень

Мурожных траў — вось слодыч частаваньня.

Усьпень пітво у берагох, усьпень,

Дваццаты год мо' пойдзе на спатканьне!

Дзе-ж келіхі? Сябры? Суровы лёс

Мяне бязь іх у гэты кут занёс.

Як ён ня кпіцца нада мной нягожа, —

Ды ўсё-ж ад Гайны адарваць ня можа!

І да чароўных ейных берагоў

Дзень нарадзінаў я спаткаць прыйшоў.

Лагойск, 1. 5. 1941 г.

У МРОЯХ

Іду сьцяжынкаю, дрымотаю спавіты,

Празь нівы хлебныя да коней на папар.

Навокал дрэмле ўсё. Ноч. Сьпеючае жыта

Мне сытым коласам пяшчотна шчыпле твар

І ціха «шу-шу-шу» — калосьсямі шапоча.

І шыр усю палоніць сьцішны шэлест-шум.

Хіба абдымеш мора гукаў летняй ночы?

Хіба разгоніш плынь узьнятых імі дум?

Ды і бязь іх штоночы — зарава на небе.

Што гэта? Раньняя зара?. . А мо' пажар?

Што-б ня было, але ня кідай дбаць аб хлебе!

... Вы, коні, блізка ўжо і блізка ты, папар.

Я на начлезе. Стукат капытоў. Хрумстаньне.

Агонь. Сябры мае. Звон путаў, ланцугоў.

Эх, ноч ліпнёвая і конскае іржаньне,

Эх, песьні звонкія маё, маіх сяброў!

Ільля, 11. 7. 1942 г.

ЛІДЗКАЕ ЗАМЧЫШЧА

3 часоў славутых даўняе пары,

Як успамін магуты Гэдыміна,

Як сьветка гучных дзён мае краіны,

Стаяць узьнёсла замчышча муры.

Грудзьмі ў баёх адстойваючы чынна

Зямлі сваёй і гонар і дары,

Касьцьмі няраз ляглі за лёс айчыны

Тут продкі нашыя — асілкі-змагары.

Ня змыла славы іхнай плынь гадоў!

Мы, праўнукі, — надзейная апора

Нязгасных спраў вялікіх змагароў.

Нам іхны шлях навекі будзе дораг.

ХаЙ памятае ўсякай масьці вораг,

Што ў нашых жылах — нашых продкаў кроў!

Ліда, 18. 9. 1942 г.

ДЗЕЦІ

За тынам — сад.

Бліжэй — бярозкі, —

жывы ўспамін пра Беларусь.

Дзяўчынка й хлопчык каля хаты

на лаўцы вулкавай сядзяць.

— Чакай! —

чуваць дзяўчынкі голас

і голас хлопчыка:

— Ня руш!

Спыніўся я...

Міэра ела *), —

а мова родная чутна!

Усхваляваны, падыходжу:

— Здарова, дзеткі!

— Добры дзень! —

Бярозак жвавых шум над імі

нібы пацьвердзіў праўду слоў. —

— А дзе татуня ваш і мама?

— Пайшлі на працу. Дома — мы.

— А што тут робіце?

— Нічога.

— Сказаў нам тата дома быць.

— Хто-ж тата ваш? Латыш? Расеец?

— Не, наш татуня беларус!

... Ласкава зорыць сонца зь неба,

галоўкі лашчачы дзяцей.

— А вы чые і хто такія?

— Я ні... ні... мы — беларусы!

*) Ела — палатыску вуліца.

Дзьвінск, 6. 10. 1942 г.

3 ВАМІ

Кажуць, што можна жыцьцё перакроіць,-

Мне-ж не ўдаецца — жыву я ў чужых.

0, дарагая зямля! Хоць у мроях

Вырвуся я да цябе, да сваіх.

На'т птушанятка малое начамі

Мкнецца пад крыльцы матулі сваё ..

Хай сабе мроі. Затое ў іх з вамі,

3 вамі, сябры дарагія мае!

Рыга, сьнежань, 1942 г.

ПАРОША

Насустрач прышласьці сваёй

Іду пад сьветлых мрояў ношай.

Шырока шлях разьлёгся мой...

А сяньня выпала пароша!

Пуховай пільсьцяй мяккі сьнег

Прысыпаў безьліч ранаў шчымных.

Іду... Хоць першы раз на сьвет

Зірну запраўднымі вачыма.

10. XII. 1942 г.

КАЛЯДЫ

Зіма. Мароз. Пагодны дзень.

А сьнег, як зорны шчыт, іскрыцца.

Прыгрэла сонца кагадзе, —

Ня хоча Дзед Мароз скарыцца.

А дзеці дружнаю гурбой

Прастуюць зь лесу церазь ляды

І елку цягнуць за сабой...

Успомніў я — ідуць Каляды!

11. XII. 1942 г.

СЬНЯГІ

Ня пухам лебедзяў абсыпаны лагчыны,

Зямля схавалася пад белаю аўчынай,

Мадзее воддаль толькі гай адзін нагі...

Сувоі сыпкія, глыбокія сьнягі.

Няхай сабе... А я іх перакрочу

І з шляху праўднага нідзе, нідзе ня збочу!

1. 2. 1943 г.

**

*

Ноч топіцца ў сьнягох і ветравей скуголіць,

Карозіцца мароз дзябёлы пад акном;

Зіме скарыліся палі — а дрэўных гольляў

Ня ўдасца ёй заслаць асьнежаным радном.

А нас, жывых, — не адалець ніколі!

Стаю ля ганку я. Пад зорным шчытам — дом.

Я цемлюся ўгару, хоць вецер коле вочы,

Шукаю зоркі той, што шчаснасьць нам прарочыць.

12. 2. 1943 г.

**

*

Што там, наперадзе, іскрыцца? Зыркі зьніч?

.........................................

Прастую да яго празь цемру зімняй ночы;

Кастрыца сьнежная мяне засыпаць хоча, —

Дарма! Я йду далёй. Наперадзе — агні:

Мо' доля лепшая мая і сонца дні?

Люты, 1943 г.

ТРЫЯЛЕТ

Ты мне за ўсё найдаражэй,

0, край садоў, палотнаў белых!

Ты макаў цьвет, клёк ніваў сьпелых,

Ты мне за ўсё найдаражэй.

Нішто расьцінам ня бліжэй

Вясны й пітва крыніц брынелых, —

Ты мне за ўсё найдаражэй,

0, край садоў, палотнаў белых!

17. 2. 1943 г.

**

*

Зірнула сонца ў маю хату,

Як агняцьвет, як дар вясны.

На стол заслаўшы з промняў мату,

Зірнула сонца ў маю хату.

Хоць аб вясьне ў палёх — шчэ сны,

І трызьніць шыр пад белай шатай,

Зірнула сонца ў маю хату,

Як агняцьвет, як дар вясны.

25 2. 1943 г.

**

*

Хутка ў мяне ля вакон

Раньні барвецьмуць, як ружы,

І пунсавецьме вясна

Хутка ў мяне ля вакон.

3 кветкамі сонечны кон

Сьвет абагрэе ад сьцюжаў...

Стрэне мо' ўрэшце й мяне

3 кветкамі сонечны кон?

26. 2. 1943 г.

ХРЫСТОСАЎ ЛЁС

Няверцаў зрадай катаваны,

Расьпяты быў Ісус Хрыстос.

Хоць меў няўгойныя Ён раны

І боль нясьцерпны — а ўваскрос!

Зьнёс мукаў шмат мой край каханы,-

Сьцяў і яго хрыстосаў лёс:

Яму хоць цяжка, хоць балесьне,

Ён будзе жыць, ён уваскрэсьне!

3. 3. 1943 г.

ПЕРШЫ ГРОМ

Вясна! Вясна!

У сінім небе

Сівыя воблакі плывуць;

Зьвісаюць пасмы зь іх, бы зрэб'е, —

Яны нам спорны дождж нясуць.

У ляву лучацца —

як вокам

Абняць.

І вось —

гаспадаром

Прайшоўся ў хмарах цьвёрдыи крокам

І грукнуў грозна першы гром.

І хлынуў дождж над садам, вёскай,

Над лесам, полем, над ракой...

На нашы собскія палоскі

Мы заўтра выйдзем талакой.

Зямля тугая задыміцца,

Сяўня напоўніцца зярном...

Цябе вітаю, навальніца,

Цябе вітаю, першы гром!

4. 3. 1943 г.

**

*

Зацьвіцела вясна навакола,

Завіхрылася лісьце прысад,

Перапеніў чаромхавы солад,

Замяцеліўся ў нацьвецях сад.

Хоць на сэрцы маім — стынь і холад,

Стрэць вясну свайго краю я рад:

Да сябе яна цягнець і кліча,

Гоіць болесьць вадою крынічнай.

15. 4. 1943 г.

ВІТАЙ

Вітай

Прыход сяўбы чаканае,

Зь сяўнёю поўнай пераймай!

Зірні:

Вясна, табой спатканая,

Жаўроніць звонка ў вышыні.

Зямля,

Напоўненая зернямі,

Закаласіцца спакваля.

Узрэж

Свой тор надзеяў цернямі;

Пасееш, будзеш жыў — сажнеш.

28. 4. 1943 г.

РАСЬЦІ, ЦЬВІЦІ

Расьці,

Расьці,

Жытнёвы дар багаты!

Цьвіці,

Цьвіці,

Мой бэз надзей крылатых!

Цьвіці,

Цьвіці

На сэрцы, цьвет жыцьцёвы!

Расьці,

Расьці,

Багаты дар жытнёвы!

2. 5. 1943 г.

МОРА

Улетку хлапчуком бываў я часта ў полі...

У час жніва падыхаць хараством

Азалачонае зямным жыцьцём прыроды, —

Найлепшае, найшчаснае багацьце.

І бачыў — хвалявалася пад ветрам

Зямлі і неба дар — ржаное мора.

3 канца ў канец раскочваліся хвалі,

А плыў па іх, як вадаплаў, камбайн

І хвалі аб яго свой голаў разьбівалі.

Ня суджана было ім больш узьняцца, —

Камбайн глытаў іх... Поле сірацела...

0, мора, мора! Я пабачыў сяньня

Цябе йшчэ першы раз на ўсім жыцьці.

Які узрушаны прастор бязьмежны,

Няма яму канца, няма і краю!

Бурлівыя, разгневаныя хвалі,

Як дальні гром грымяць, равуць, грукочуць,

Аблізваюць пяшчаны бераг прагна.

Плыве, змаігаючыся зь імі, вадаплаў.

Ён разразае іх, карном прыціснуць хоча, —

Яны-ж зь ягоных вырываюцца абдымкаў

І ззаду вадаплава ня зьнікаюць...

Як зьнятай збажыне пад ветрам не гайдацца,

Так ня спыніць наплыву морскіх хваль!

Дзынтары, Рыская затока,
19. 5. 1943 г.

САНЭТ

Здаецца, ўрэшце я знайшоў спакой,

Хоць на кароткі час пакінуў горад.

Забраўся ў цішу. Неба нада мной —

Прытулак сонцу ўдзень, а ўночы — зорам;

Салёны вецер ветліцца з травой,

Гамоніць воддаль водгульнае мора.

Скажы, хіба ў чароўнасьці такой

Хто-небудзь можа бачыць сум і гора?

А паспрабуй — і волю думкам дай:

Міжволі ўспомніш звон бароў гульлівых,

Найзалацейшы скарб на сьпелых нівах...

Гляджу задуміліва на шызы небакрай, —

Які-б я быў удзячны і шчасьлівы,

Каб гэта быў мой сэрцу блізкі край!

Дзынтары, Рыская затока,
25 ліпеня 1943 г.

**

*

Няраз я чуў: «Зірні, якая прыгажосьць,

Якая веліч хараства ўсяе прыроды!

Зяленіва і мора... Ў небе — хмарак поўсьць.

Пакінь тугу, жыві — будзь гаспадар, — ня госьць.

Дзе бачыў, ці страчаў ты лепшыя выгоды?

Раскошу й шыр такой вялікай асалоды?»

А мне — далёкае у гэтых цудах штосьць.

І хочацца сказаць: а я йшчэ багацей,

Радзіму маю я, дзе неба йшчэ сіней,

А гладзь усіх вазёр і рэчак, і крыніцаў

За мора-акіян глыбей і прыгажэй;

Гаі йшчэ зеляней, хмурынкі йшчэ бялей...

Ніяк мне і нідзе на гэта не забыцца!

Дзынтары, Рыская затока,
Сыбота, 31. 7. 1943 г.

МАСТАК

(Прысьвячаецца П. М.)

За працай мастака я застаю,

Ен ветла з пэнзлем у руцэ мяне страчае.

Вось і пэйзаж, пачаты кагадзе, —

Крыніца радасьці і высілкаў вымога.

Зноў пэнзаль дакрануўся да яго —

Тканіна ў фарбах ажывае на мальбэрце.

І заварожваючы позірк, краявід

У поўнай велічы зямной красы ўзьнікае.

Здаецца, ўсёй істотай чую я

Прыемны водыр дрэў і траў, і сьлічных кветак,

Кранае сэрца ён, хвалюе кроў,

П'яніць і кружыць галаву нябачным хмелем.

Зь пяшчотай зыркай сонца праз вакно

Глядзіць і промневы вянок кладзе на фарбы.

Як самы багацейшы ў сьвеце чар,

Пэйзаж ірдзіцца шмат-аздобнымі агнямі.

20. 8. 1943 г.

**

*

Глянь, дружа мой! — у вышыні

Агні, бы ў дзіўнай казцы, йскрацца,

І ў люстра морскай глыбіні

Яны праз цемрадзь цямрыні,

Зачараваныя, глядзяцца.

Так скарбы вечнае красы —

Ці скарб зямлі, ці творчай працы —

На'т у найзмрочныя часы,

Нібы вясёлкі паясы,

Нязгасна й велічна сьвіцяцца.

Дзынтары, Рыская затока,
29. 8. 1943 г.

МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ

Нечакана парвецца жыцьцё... Больш ніколі яно не ўваскрэсьне.

Колькі думак нязбытых бярэ да сябе падысподная цьма!

Спатыкае іх вечны спакой. І ўсёроўна ім — вольна, ці цесна...

Толькі той будзе жыць, не памрэ — у нябыт каму шляху няма.

Не памрэ толькі той, хто аддаў усе сілы жыцьця для народу,

Хто мінулае ўславіў красой, зазірнуў хто і ў прышлыя дні.

Дар ягоны, убраны ў вянкі, шанавацьмуць нашчадкі заўсёды,

Воды ўлеваў ня змыюць яго і ня спаляць пякельняў агні.

7. 9. 1943 г.

РАМАНС

Толькі там,

Дзе айчыны бальзам,

Адзінота душу не кране

Толькі там

Аб сваёй старане

Я нікому ўспамінаў, о не,

Не аддам.

Толькі тут

Непатолі прысуд

І маркота няволіць мяне,

Толькі тут.

У чужой старане

Не забуду цябе я, о не,

Родны кут.

Рыга, 29. XI. 1943 г.

ПЕСЬНЯ

(3 «Калевалы»*)

Мне адно прыйшло жаданьне,

Я адну задумаў думу:

Каб баржджэй за сьпевы ўзяцца,

Каб хутчэй прамовіць слова,

Прасьпяваць каб песьню продкаў,

Роду нашага напевы.

Словы ўжо да вуснаў ліпнуць,

І струменяцца ўжо гукі,

На язык яны імкнуцца,

Разьбіваюцца аб зубы.

Залаты мой сябра й брат мой!

Дарагі камрат маленства!

Мы з табой сьпявацьмем разам,

Мы з табой прамовім слова.

Мы убачыліся ўрэшце,

3 двух бакоў цяпер зышліся;

Рэдка мы бываем разам,

Спатыкаемся нячаста.

Ну, дык дай свае мне рукі,

Пальцы нашы разам злучым;

Прасьпяаваем песьні гучна,

І пачнём мы зь лепшых песьняў;

Хай сябры пачуюць сьпевы,

Хай іх слухаюць прыветна

Між юнацтва маладога

Шматпакутнага народу,

Што урэшце стаў на ногі.

Іх сьпяваў раней мой бацька,

Цэп вырэзваючы з дрэва,

Іх наўчыла мяне маці,

Прадучы сваю кудзелю.

Я тады дзіцём на доле

Ля каленяў іхных поўзаў,

Быў драбочкам, харчаваўся

Малаком і сыраквашай...

Шмат яшчэ ёсьць іншых словаў

I, мне ведамых, пазнаньняў,

Што нарваў я на сьцяжынцы,

Што на верасе зламаў я,

Што з кусточкаў адламаў я,

Што набраў я на галінках,

Што сабраў сабе я ў травах,

Што падняў я на дарозе...

Мне мароз намовіў песьняў,

Нанасіў мне песьняў дожджык,

Мне навеяў песьняў вецер,

Хвалі водныя прынесьлі,

Словы мне складалі птушкі,

Гукі мне стваралі дрэвы.

Я ў адзін клубок зьбіраў іх,

У вадзін зьвязаў іх зьвязак,

І паклаў клубок на санкі,

І паклаў на сані зьвязак.

Іх дамоў прывёз на санях,

І на санках да асеці,

І пад кроквамі у клеці

Іх замкнуў у медны кораб.

Доўга песьні на марозе,

Доўга ў схове тым ляжалі.

Мо' забраць мне іх з марозу?

Можа з холаду узяць іх?

Мо' прынесьці ў хату кораб?

На тапчан паставіць куфар,

І пад кроквамі пакінуць

Пад чароўным гэтым дахам?

Адчыніць мо' кораб песьняў,

Куфар, поўны словаў гучных?

За канец клубка мо' ўзяцца?

Вузел зьвязку мо' разблытаць?

Песьняў слаўных есьць нямала

Зь іх адну я засьпяваю;

Загучыць яна прыемна,

Калі квасу паднясуць мне

І дадуць ржанога хлеба.

Калі-ж мне ня будзе квасу,

Не дадуць мне маладога —

Засьпяваю я нішчымна,

Або з поснаю вадою,

Каб і вечар быў вясёлым,

Каб і дзень быў у ваздобе,

І каб ранішняй пацехай

Заўтра дзень у нас пачаўся.

*) «Калевала» — народны эпас фінаў

1943 г.

САД

(Да 25-годзьдзя Віленскай беларускай гімназіі)

Раней за нашай вёскаю быў сад...

Ніколі так ягоных строяў шаты

Ня ўшчульвалі мяне і мой пагляд,

Як у вадну вясну, калі на сьвяты

Я ў вёску завітаў. І чуў — ад хат

Плыў гоман; ен мае пачуцьці кратаў:

«Сад гэты дваццаць пяты год падрад

Вясной цьвіце, і дасьць ён плод багаты...»

Расьцьвіў і ты у дваццаць пяты год,

Навукі сад, глыбокай веды цьветам.

Багаты будзе дваццаць пяты плод

І верны ўзгадавальным запаветам.

Ён панясе для ўжытку і для ўцех

Сьвятло навукі да крывіцкіх стрэх!

20. 1. 1944 г.

І ЗАПЛАКАЛІ СУМНЫЯ ДАЛІ

**

*

Бывай здароў, знаёмы кут!

Ты стаўся родным мне і блізкім,

Хоць, праўда, жыў няшмат я тут,

Хоць зь нятутэйшае калыскі.

Пад гэткім небам і страхой

Мяне матуля калыхала.

Ў краіне сонечнай маей

Такіх мясьцінаў ёсьць нямала.

Таму й шчыміць душа мая,

Таму і цяжка разьвітацца...

У час, калі гарыць зямля,

Надзеяў мала зноў спаткацца.

Лагойск, 20. 9. 1941 г.

ВОСЕНЬ

Каля хаты маёй дрэвы летнія ўборы асыпалі

І заслалі аранжава-мосяжнай коўдраю двор.

За маўклівым сялом, за панурымі сёстрамі-ліпамі —

3 поля зьвезена ўсе — у сарочцы калючай прастор.

Восень там гаспадарыць; ідзе па зямлі валадаркаю;

Ёй належыць усё: поле, поплаў, рака, сенажаць;

Ёй належыць на'т сонца - зацьміць іншы раз яго хмаркаю

І заплача, пачне кроплі спорныя сьлёз асыпаць...

Я гляджу за вакно: панадворкі там — жоўта-барвовыя,

Ходзіць вецер па іх; дрэвы хіляцца з боку на бок;

I заўважыў: шчэ дань засталася адна выпадковая, —

На галінцы кляновай дрыжыць сірацінка-лісток.

3 хаты выйшаў на двор. Асьцярожна рукою дрыжачаю

Абрываю лісток, прьвкладаю да твару яго:

Ўсей істотай адчуў адыйшоўшае лета гарачае,

Бураў грукаты, трэск пяруноў і сьпякотаў агонь.

Што-ж, нічога! Міне й гэта восень і зімка з марозамі,

Прыйдзе час — дрэвы хмурыя лісьцем ізноў зашасьцяць...

Перабудзем, зьнясём і нядобрае й злое, і грознае,

Прычакаем дзён сьветлых вясны, прычакаем цяпла.

м. Ільля, верасень, 1942 г.

МАЛАДЭЧНА

Я заўсёды знаёмых сустрэчных

У дарозе ад сэрца вітаў.

А чаму так цябе, Маладэчна,

3 колкім болем, з маркотай спаткаў?

Ты няветлае. Хмурае скрухі

Чорны сьлед на паглядзе тваім.

Як пацісьнеш сустрэчнаму рукі,

Калі ен іх ня мае зусім?

Ад сустрэчы душа не сагрэта, —

Чую болесьць я ранаў тваіх.

І ня грэе: «Мы зьнесьлі ня гэта,

Прыйдзе час — дык загоім і іх.»

Маладэчна, 10. 9. 1942 г.

АФАРЫЗМЫ

Як не дастаць рукою сонца,

Так не вярнуць пражыты дзень!

*

Пад цяжкай хмарай дыму й саж

Шчарнее нават белы сьнег.

*

Жывым мы робім няжывое,

Падпарадкоўваем сабе

І думку й розум. А вядзе нас

І няжывы й нябачны лёс.

Куды вядзе? Чаму? Навошта?

І дзе, і як свой спыніць шлях?

Люты-сакавік, 1943 г.

ДРАБНІЦЫ

Сонца ўсходзіць пазьней і заходзіць раней — ноч даўжэе,

Блекне лісьце на дрэвах, як воск. Стыне клёк пад карой.

Пройдзе ноч, прыйдзе дзень — і на содні жыцьцё карацее,

Гасьне юр, халаднейшаю ў жылах становіцца кроў.

*

Стыглі, як студзень, на кволых галінках халодныя росы;

Сонца ўзыйшло — ажылі і зазьзялі, як пэрлы, яны.

*

Вісела, маўчала, забытая ўсімі, бязгучная йскрыпка,

Ды ўраз зажыла, запяяла, як струнаў крануўся музыка.

Сакавік,1943 г.

**

*

Сьпяшайся жыць. Хай іншы раз і цяжка,

А радуйся таму, што й гэта есьць;

На грудзі ўсе ўдыхай жыцьцёвы водыр,

Бо шчасьце ў нас адно, жыцьцё адно.

І толькі раз яно ўсім нам даецца, —

І гэта самы найвялікшы скарб!

У содняў толькі дзень адзін бывае,

У год цьвіце чаромха толькі раз.

Сьпяшайся жыць, бо тое, што мінула

Ніколі больш ня вернецца назад.

17. 3. 1943 г.

РАСА

Раса, раса,

Лугоў краса

Крыштальная, срабрыстая.

Чый гэта лёс —

Каралі сьлёз,

Што так зіхцяць маністамі?

Зірні, пабач!

Чый гэта плач?

Мо' траваў сокі йскрыстыя?

Не, гэта — боль

І сум, і золь,

І кроў зямлі агністая.

4. 5. 1943 г.

НЯЙНАЧАЙ

Сок зямлі п'е трава,

ажьвваюць лугі,

а як раніца прыйдзе,

дык плачуць,..

Пазіраю на іх

без самоты й тугі.

Знаць, ня ўчуў іхнай болі,

няйначай.

Вільня, 21. 5. 1943 г.

**

*

Усыпана крыжамі ўся аблога.

Тут не адзін, прыціснуты зямлёй, чало

Сну вечнаму схіліў. Нямала палягло.

За што? За гэты груд пяску рудога?

Койданава, 2. 6. 1943 г.

НА МАГІЛЕ

(Памяці роднага брата Уладзіка.
Памёр 30. 10. 1941 г.)

Ці у ваднэй чужой бываў мясьціне,

Пярэчыў ці аднэй благой часіне,

Заскорблых душ няпрыязьнь абмінаў;

Хаваў свайго пачуцьці на чужыне;

Цябе, малодшага, заўсёды ўспамінаў;

Наведаў родны дом — і не застаў

Цябе жывым, няшчасны мой Уладзік.

. . . . . . . . . . .

Нямала час дзён шэрых прагартаў,

Нягоды зносіў я, дагоды спатыкаў,

Таго-ж, што ўжо няма цябе — ня знаў.

... Ня бачыш ты мяне зь зямлі сырой,

Ня чуеш, што я гутару з табой.

Твая магілка зарасла травой —

- І я над ёй з пахілай галавой.

Сагнуўся я, бы ніцы вербалоз,

Засеў у горле камень жорсткіх сьлёз.

Ніяк мне галавы ўгару ня ўзьняць,

Ня вырваць з горла каменя, сказаць:

— Калі-ж нас доля кіне раскідаць

Па сьвеце, і калі-ж, калі прыжджом

Часіны ўсім сабрацца ў войчы дом?

4 чырвеня 1943 г.

ПАЭТА

Хто церпіць больш за ўсіх? Хто зносіць шмат? Хіба, адзін паэт!

Ня гэтак лёгка Музы найвялікшы дар яму даецца.

У слова кажнае, у кажны свой радок, што пойдзе ў сьвет,

Ён укладае жар душы, ён укладае часткі сэрца.

І я — хай не паэт, хай толькі той, хто піша так, ні ў толк,

Калі-ж, ахоплены натхненьнем, я бяру асадку ў рукі,

Перш, чым пісаць, я адчуваю ўсё, што дзеецца вакол, —

І радасьць чэрпаю заўжды да дна, а разам зь ёю — мукі.

1. 7. 1943 г.

ГЭКЗАМЭТРЫ

Цяжка ў хадзе дасягнуць вышнявіны сівога Парнасу:

Сьцежка — шыпшыньнік густы, на сьцяблінках — калючыя дзіды.

Лёгка ня пішацца верш, калі хочаш, каб быў ен запраўдным,

Шмат ён каштуе ахвяраў — драбочкаў крыві майго сэрца.

*

Як не сягай, а ня ўдасца зацемрыць высокага сонца,

Кажны прыступ да яго — наймагутная варта Дажбога.

Нельга стрымаць і зьняволіць высокіх імкненьняў паэты —

Покуль пульсуе ў ім кроў і паветрам ахвоцяцца грудзі,

Дзе-б ён ня быў — на свабодзе, ў няволі — зь ім слаўная Муза.

Ліпень, 1943 г.

**

*

Ці бачыш ты? —

Да долу гнецца важкі колас,

І хлебны пах стаіць наўкола

Такі густы.

Твой хлеб узрос!..

Забраў ён шмат здароўя, сілаў,

Дажджлівым летам быў пахілы

Ягоны лёс.

І толькі той

І боль, і радасьць працы знае,

Хто сеяў, хто цяпер зжынае

Сваёй рукой.

28. 7. 1943 г.

МУРАШКІ

Знарок, ці не, але чыясь нага —

Шчэ сьлед ня зьнік — дом іхны разбурыла.

Цярэбіць неадступна троп жыцьцёвы

Шматлікая і рупная сям'я:

Будуе ўпарта новае жытло;

У муках працы, ў процьме перашкодаў

Ідзе да мэты; дбае пра свой род,

Ратуючы зь няпомысу яечкі.

Драбнюткія, а ў іх — асілкаў згода!

Зямлі найменшае стварэньне хоча жыць!

Найразумнейшая істота — чалавек!

Ня можа гэткай згодзе не зайздросьціць.

Дзынтары, Рыская затока,
8. 8. 1943 г.

ПТУШКІ

Шмат гнёздаў навілі сярод гальля

Крылатыя асельнікі паветра.

Гаспода ў іх — нябёсаў шырыня, —

Тут кепска, дык ляці куды захочаш.

А ім стае выгодаў, як відаць, —

Лятаюць і бясклопатна шчабечуць.

Чаму-ж, з адбіткам суму ў сэрцах, мы

ГлядзІм на іх дзівоснымі вачыма?

Рыга, Міежу Гай, 15. 8. 1943 г.

РАНДО

Агонь гарыць. І цемры лонь

Яго ў абоймы ўзяць ня ў стане.

На'т неба сіняга аблонь

Пунсуе, бы ў зіхценьні раньня.

Падкіну дроў. Хай цьмы супонь

Рве ноч. Хай блізіцца сьвітаньне,

Збудзіўшы дрэмнай шыры сонь, —

Ня згасьне ў парасьным саяне

      Агонь.

Калі жыцьця дні да зьмярканьня

Ідуць і срэбрам беляць скронь, —

Ты йшчэ ня згас. Пакуль дыханьне

Бадзерыць кроў — рукі далонь

Ў сардэчным чуе трапятаньні

      Агонь.

27. 8. 1943 г.

У ВЫРАЙ

Лятуць, плывуць у вырай птахі лётам нястрыманым,

Навіны смужныя ў далёкі край ад нас нясуць.

Вазьмеце, птахі, і мяне з сабой за акіяны,

Каб трутнай горычы нідзе ня бачыць і ня чуць.

Хто знае, мо' там лепш, мо' цемрадзі няма сукротнай.

Нядрэнна птахам быць, а лепш — хмурынкай бястурботнай.

1943 г.

ПЕРАЧЫТВАЮЧЫ «КАЛЕВАЛУ»

Плаікаў стары Вайнэмайнэн. Каціліся частыя сьлёзы

Кроплямі ўзорыстых пацерак, золатам зерняў ячменных.

Падалі сьлёзы на бераг высокі шырокага мора,

Зь берагу ў воды бліскучыя, з водаў — у нёмарач твані.

І не знайшлося нікога, хто змог-бы дастаць тыя сьлёзы,

Тыя агністыя зоры з прадонных і цёмных глыбінаў.

Толькі здалела дастаць іх адзіная сіняя качка, —

Сьлёзы былі ўжо інакшымі — пэрламі дзіўнымі зьзялі.

Колькі праліта сьлязінкаў маім шматгаротным народам!

Самы вялікшы мудрэц палічыць іх ня змог-бы ніколі.

Пэўна, няма тэй мясьцінкі, якая-б тых сьлёзаў ня знала, —

Рэчкі свае іх забралі і моры чужыя схавалі.

Іх я на нітку радкоў наніжу, паўстаўляю у словы —

Пэрламі будуць яны і паэзіі лепшым набыткам.

Кажны агеньчык іх зьзяньня і пэрлінкі кажнай багацьце —

Шчасьце і гора маіх — і сясьцёр, і братоў аднакроўных.

5. 9. 1943 г.

БІТВА

(3 Гомэра)

Войскі, на мейсца адно імкнучыся, зышліся імгненна;

Грозна схапіліся целы, схапіліся пікі і сілы

Войнікаў, мосяжам скованых; з бляхі пукатае зразу

Згрызьліся яра шчыты; разгрымеўся прарэзьлівы грукат.

Разам зьліліся змагарныя крыкі й сьмяртэльныя стогны

Вояў, што нішчылі й гінулі; дол захлынуўся крывёю.

1943 г.

АПЭЛЕС І МАКЕДОНСКІ

Вялікі мастак Апэлес —

Высокая слава мінулых часоў,

Даўнейшае Грэцыі гонар —

Аднойчы паднёс Македонскаму свой

Малюнак. Там быў валадар на кані.

— Няважны малюнак, —

Сказаў валадар.

Такое «пахвалы» мастак не чакаў.

Да працы цудоўнай падведзены конь

Зайржаў гэтак гучна і моцна,

Што слаўны мастак не сьцярпеў, адказаў:

— Твой конь разумее мастацтва ляпей,

Як ты, валадар мой магутны!

19. 9. 1943 г.

ВОСЕНСКІЯ ТЭРЦЫНЫ

Прыпол свой раньне ў па`рась памачыла,

Галоднае, на дрэвах рве лісты...

Яшчэ ў грудзёх нямала маеш сілаў,

Яшчэ-ж няшмат пражыў на сьвеце ты, —

Па чым-жа ныць? Шчэ будзе шмат патолі

Вясна разгорне зноў шацёр густы.

Ды мне ня стрэць яе — ад шчымнай болі

Жыцьцёвых мукаў я аслаб няўзнак.

Мая вясна ня вернецца ніколі,

Хоць у гадох маіх — яшчэ вясна.

26. 10. 1943 г.

**

*

І заплакалі сумныя далі,

І маркотай дыхнулі палі.

Сьлёзы — зімных ільдзінак каралі,

А маркота — апёкі зямлі.

Плачце, плачце! Хай колкія стрэлы

Суму жальнага грудзі праб'юць

Тым, хто вашай нявіннасьці цела

Так зьняважыў, ня даўшы дыхнуць.

Тым, хто скрухай таптаў мяне к долу,

Хто кідаў мой узьлёт пад аткос.

Скруцяць, скруцяць сабе яны голаў, -

Дарма мкнуцца узьняць да нябёс!

Ім ня сьцяць маіх думак і сэрца,

Не згадаць іх жыцьцёвы сакрэт.

Застануся я тым аж да сьмерці,

Кім зьявіўся на белы сусьвет!

15. 12. 1943 г.

ЛІСТ ДА КРЫТЫКА

Мой крытык каханы! Хацелася-б мне

Пагутарыць проста і шчыра,

Хацелася-б выказаць тое, што мкне

Ад думак, сябруючых зь лірай.

Зьдзівіліся Вы, што бязвусы юнак

Пэгаса пакрыўдзіў, палаяў,

Ягоныя крыльлі забраў... і — дзівак,

3 ракой няжывой размаўляе!

Дзе ўгледзіў ен горы? І кручы стрэў дзе?

Тут роўнядзь, а ен — перашкоды...

Няўжо і запраўды ў юнацтве людзей

Бывае шмат гэткіх заўседы?

Няпраўда! Мне чэрствае сэрца — гара,

Душа спарахнелая — круча,

Я собскай асадкай, жыгалам пяра

Ім боль учыняцьму пякучы.

Ці ведама Вам, што паэты рука

3 радкоў вытыкае узоры?

Са мной размаўляе ня толькі рака,

Ня толькі сьпяваюць мне зоры.

Мяне разумее на'т камень сівы,

А я — ўсе ягоныя казкі;

Лятаюць у госьці ка мне журавы,

Мне міла ўсьміхаюцца краскі.

Багатае Крыўі матуля-зямля

Мяне, чым змагла, надарыла:

Дала мне і голас і ўзьлёт салаўя,

Дала мне Пэгасавы крылы.

Я зь імі асілю завей сьнегавы

І буду днём весьнім сустрэты,

Бо я — гэта я, а ня слуп верставы,

Я вольны Пэгас, я — паэта!

17. 12. 1943 г.

ТАК БЛІЗКА І ТАК ДАЛЁКА

**

*

Не, ня я тваю сьціснуў руку,

І ня я разьвітаўся з табою.

І ня ты каля хаты ў садку

Мой пагляд замуціла сьлязою.

Не, ня я... Гэта ногі мае

Адыходзяць, а сам я — на мейсцы.

Хай вайна мне дыхнуць не дае —

Я пакіну табе сваё сэрца.

Дык яшчэ раз руку сваю дай,

Свой пагляд ня журы больш сьлязою.

Ну, бывай, мая Ніна, бывай!..

Гэта ногі ідуць... сам — з табою...

Лагойск, 19. 9. 1941 г.

МНЕ ПОМНІЦЦА СТУДЗЕНЬСКІ ВЕЧАР...

Мне помніцца студзеньскі вечар,

Што ладзілі сябры мае,

І першая наша сустрэча,

І жвавыя вочы твае.

Я стрэў іхны позірк адразу,

Як казку, як ваблівы сон;

Хацелася зь імі быць разам

Шмат радасных ночаў і дзён.

Так блізка і гэтак далёка

Была ты.

Адвагі ня меў,

А глянуць глыбока-глыбока

Я ў самыя вочы хацеў.

Бы сон, адляцелі дні тыя,

А зь імі — і радасьць, і сум.

Былога ўспаміны жывыя

У сэрцы сваім я нясу.

Нясу... хоць за тысячы гоняў

Ад бацькаўcкіх гоняў цяпер.

Штодня — ў адзіноцтва палоне,

Мне сумна тут, Ніна, павер.

А ты... там цяпер, дзе прыгожасьць

Прастораў ля Гайны-ракі;

Згадаю — мне сэрца трывожыш,

Віеш успамінаў вянкі...

І сяньня спаткаў я дзяўчыну

У гэтай чужой старане,

Хацелася крыкнуць ёй: Ніна!

Ды потым стрымаў сябе... — не!

А вельмі падобная... тая

Паходка і рухі, той склад...

Стан стройны... усьмешка такая-ж

І гэткі-ж блакітны пагляд.

Адкуль яна? Можа зь мясьцінаў

Маёй незабытнай зямлі?

Кудой і шляхамі якімі

Папала сюды і калі?

А я на дзяўчыну нясьмела

Зірнуў і вачыма правёў...

І сэрца маё зашчымела

Тугой па радзіме сваёй;

Па нівах — прыгожых кілімах,

Па ўзгорках, крыніцах, ляскох;

Тугой па дзяўчыне любімай,

Па ейных блакітных вачох.

Ах вочы, блакітныя вочы,

Зь якой вы такой стараны?

Чаму вы ў спакойныя ночы

Мае` непакоіце сны?

Рыга, 11. XI. 1942 г.

**

*

Сустрэўся зноў з табою ў сьне,

Сяброўка першага каханьня;

Лёс разлучыў цябе й мяне, —

Сустрэўся зноў з табою ў сьне.

Сардэчны жар, агонь спатканьняў

Шчэ не астыг — праз грудзі мкне:

Сустрэўся зноў з табою ў сьне,

Сяброўка першага каханьня.

9. 3. 1943 г.

РАМАНС

Зноў далёка я, зноў безь цябе,

Дні і ночы ў самоце й журбе.

Шчэ нядаўна быў разам з табой,

Жыў і дыхаў тваёю красой.

Ды жаданых адведзінаў час

Быў кароткім, як момант, для нас;

Стрэча наша — за ўсё найбліжэй,

Разьвітаньне — за ўсё найцяжэй.

Зноўку, зноўку адзін. Неспакой

Маіх думаж заўсёды са мной.

Я скарбніцу ўспамінаў зьбярог, —

Ты, жывая, як ёсьць — у вачох:

Погляд — неба; тваё валасы —

Залатыя палёў каласы;

Твае рухі — мігценьне зарніц;

Голас — гоман срабрыстых крыніц.

Ты — уцеха у шчасьці й бядзе.

Дзе знайсьці мне найлепшую, дзе?

А таму я ў самоце й журбе:

Зноў далёка я, зноў безь цябе

Рыга, 18. 6. 1943 г.

РАМАНС

Няма нідзе

Блакітных васількоў —

Такіх, што ў нас — няма нідзе.

І ўноч, і ўдзень

Яны — трывога сноў:

Я на чужыне не знайшоў

Такіх нідзе.

Тваіх вачэй

Блакіт, о квецік мой,

0 любая, за ўсё сіней

Блакіт вачэй...

Сябруе сум са мной,

Бо не знайсьці ў зямлі чужой

Такіх вачэй.

Рыга, 22. 10. 1943 г.

ДОЖДЖ

Спачатку кроплі дробныя — адна, другая —

Сыпнулі мяккім волавам у твар.

Махнула грываю улева дажджавая

І падмяла ад пылу тратуар;

Мяне абсыпала жарствой дажджу; ільдзінкі

Сыпнула за каўнёр. Перада мной

Пад парасонам — бачу — хутка йдзе дзяўчынка,

Яе дагнаў я, пэраўнаўся зь ёй.

Бяз слоў, бліжэй, забыўшыся пра ўсё на сьвеце,

Падходжу да яе; пад парасон

І я стараюся схавацца, і — закмеціў

Пагляд вачэй. Які чароўны ён!

Пагляд вачэй... Пад'езд. Дзяўчынкі дом.

Яе няма больш. Зноў я пад дажджом.

Бывае шмат у нас сустрэчаў нечаканых.

Шкада, яны — мамэнт. І больш — для закаханых.

Рыга, 1943 г.

**

*

Павісьлі вячорныя змрокі над вулкамі,

І месяц над местам — нібы аўрэол.

Засыпаў ён неба агністымі шпулькамі,

Раскручвае променяў ніці на дол.

Мой дружа! Яны мне былое нагадваюць —

У вечар такі-ж разьвітаўся з табой.

Ды ніці пачуцьцяў адзіных нас зьвязваюць,

Як гэтыя промені — неба зь зямлёй.

Рыга, 30. XI. 1943

**

*

Лёгкай рукою на шыбах узоры мароз вытыкае.

Помню маленства часы: цёплым дыханьнем сваім

Іх я кранаў, праграваў невялічкі кружочак-ваконца, —

Дзеда-Мароза й зіму ўбачыць хацеў празь яго.

Дзён незваротных узоры! Карункі маіх успамінаў!..

Іх не крану я цяпер, імі аздоблю свой верш.

Выткуцца ў вершы ўспаміны такім-жа чароўным узорам,

Тонкім, як стрункі чуцьця ў сэрцы маім маладым.

4. 1. 1944 г.

**

*

Цэлымі днямі сядзеў і ня спаў я цалюткія ночы,

Лірныя струны настройваў, пра Музу пісаў свае вершы.

Іх ёй аддаць захацеў — і прыціхла нязмоўкная ліра,

Вершаў паблеклі радкі і замоўклі няўціхныя рытмы.

5. 1. 1944 г.

ПАРАДА

Я вам ня раю, сябры, заглядацца ў дзявоцкія вочы —

Можна так страціць уласныя, тых не пабачыўшы больш.

6. 1. 1944 г.

ЛІПАВЫ ЦЬВЕТ

Мяккі дзень студзеньскі сыпле і сыпле зь нябёсаў сьняжынкі —

І расьцьвітаюць, бы ўлетку, пялёсткамі белымі ліпы...

Ліпавы студзеньскі цьвет! Ты наводзіш мяне на ўспаміны

Дзён адыйшоўшых, калі я з каханай табой любаваўся.

Толькі шкада — аніяк не сарвеш цябе з кволых галінак,

І на ўспамін аб мінулым цябе аніяк не засушыш.

14. 1. 1944 г.

**

*

Калі звычайную, хай просьценькую рэч

Я пакідаю найдарожшаму на памяць,

Я ведаю, — хоць лёс бяз частых жыць сустрэч

Нас асудзіў, — яна прыязьні не запляміць.

Яна — найлепшы аб сяброўсьцьве напамін

У час благіх і ў час памысных нам гадзін.

16. 1. 1944 г.

МУЗА

Мораку шэрань разьліў вечар ля хаты маёй

І праз фіранку вакна цэдзіць яе у пакой.

Ходзік замоўк на сьцяне. Ціша, і гукаў — ні-ні,

Чыйсьці я голас пачуў: «Сьпі, салавейка, засьні».

Кволіць дрымота мяне. Я на пасьцелю прылёг.

Мрояў штодзённых і кроз ява ўсплывае ў вачох.

Мчуся, імкнуся у высь — лёгкасьць узьлёту адчуў,

Кінуў пякельнасьць зямлі — і да нябёсаў лячу...

Вечны блакіт. Дываны — воблакі. Я ў вышыні.

Голас пачуўся ізноў: «Сьпі, салавейка, засьні.

Муза сьпявае табе. Я на спатканьне прыйшла,

Сон твой і твой супачын я пад апеку ўзяла.

Жахі — і цела й душу джгалі жаглом на зямлі.

Ну, а цяпер супачні — ў морак яны адплылі.

Ты — недасяжны цяпер, — чынаў ня ўшчуняць тваіх.

Зьнікне, як засьцьлівы дым, шэрань часінаў благіх.

Сьпеў твой, як чар, загучыць, ён не замоўкне нідзе.

Зышчаньне зманлівых сноў блізіцца, велічна йдзе;

Хорам красы паўстае`; зьнічаў ня тускнуць агні.

Іх не пагасіць ніхто... Сьпі, салавейка, засьні...»

28. 1. 1944 г.

**

*

Маці. Зь ёю — дзіця. Іх суцэльнасьць — каляска..

Бязуважныя постаці... Шыбы вітрын...

А калясачкі рух — і пяшчоты, і ласка,

Мацярынскай любові і ўвагі зацін.

І яны, і дзіця — непарыўнасьць адзінства,

Неразлучнасьці еднасьць і мяккасьць клапот.

Найцяплейшая лучнасьць чуцьця й мацярынства —

Самай дробнай сьняжынкі пяшчотны палёт.

30. 1. 1944 г.

**

*

Цемра гусьцее. Заплюшчыў дзень змораны сінія вочы -

Бачыць у снах чарадзейных ён месяца бліск залаты.

Толькі аддамся лятункам — і бачу я вобраз дзявочы,

Рысы знаёмыя й блізкія — рысы жывой пекнаты.

21. 2. 1944 г.

НА ХУТКІХ КРЫЛАХ ВОЛЬНАГА ПЭГАСА

ПРЫСЬВЯЧЭНЬНЕ

Мінаюць дваццаць першыя угодкі

Майго жыцьця. Пакуль яшчэ ня стар

Усё, што я набыў за час кароткі,

Што маю — пакладу на свой аўтар.

Для вас, сябры мае` і аднагодкі,

Народзе мой, крывіцкі мой абшар,

Нашчадкі прышлага, былога продкі,

Я прысьвячаю слоў сардэчных дар.

Дармо, што вас ня бачу гэтым часам,

Дармо, што есьць мяне чужыны золь,

Грызе душу цяжкой разлукі моль, —

Зьнясу усё — і зло, і перагасы,

Да вас прымчу слоў гэтых хлеб і соль

На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса.

1

Калі з паўдня павее вецер прыткі, —

Там на паўдні — мой край, мая зямля,

Здаецца мне, што чую голас блізкі,

Дармо, што ён даносіцца здаля.

Яго страчаю я з паклонам нізкім,

Яму шляхі дале`й шчэ значу я, —

Гайдае ён майго чуцьця калыскі

І неспакой сьцішае спакваля.

Калі-ж дыхне наўсуперак калючы

Паўночны вецер — клёк з радзімы ён

Гняце назад; шлю покліч наўздагон —

А голас разьбіваецца аб кручы.

На грудзі камень-жоран цісьне, млён

Сьвідруе сэрца жорстка і балюча.

2

Ня мае боль граніц і берагоў.

Я клічу ўсемагутнага Зэвэса:

0, мой Зэвэс, о слаўны бог багоў,

Зьмяці, скрышы нягодныя злавесы;

Ня дай паўночным скогатам шляхоў,

Захутай іх суцьмежнаю завесай;

Вярні назад паўдзённы ўздых вятроў

І прагані навалу хмараў зьвесых.

Так просіць помачы найвышшай той,

Хто стрэнецца зь няўхільнаю бядою.

Калі яна і цягнець за сабою,

І вязьніць у жахлівы горан свой —

3 апошніх сіл ён дужаецца зь ею,

Нібы плывак, што топіцца, — з вадой.

3

0, мой Зэвэс!.. Здаецца, у эфіры

Мяне пачуў ён — шле сваіх бажкоў:

Ляцяць яны, імклівыя Зэфіры,

3 усходу й захаду — з усіх бакоў.

Лагодны подых шлюць ва ўлоньне шыры,

Даюць жыцьцю, што мерзьне, цёплы схоў.

І гэткі ла`скавы, і гэткі шчыры

Павеў паўдня вяртаецца ізноў.

Хоць я на яве гэтага ня бачу,

Затое ў мроях пешчу і нашу,

Бо толькі можа ў іх уняць душу

Адзін паэта — больш ніхто, няйначай.

Тады нястрымнасьць болесьцяў глушу

Наплывам новых хваль крыві гарачай.

4

Тады прыходзіць Муза. Мне яна —

Сяброўка дум узьнёслых і натхненьня.

Ніхто апроч яе — яна адна

Вядзець мяне да спраў і лятуценьняў.

Туды вядзець, дзе творчасьці вясна,

Становіцца на шлях маіх імкненьняў,

Гатовая ў няпомыс адагнаць

Натоўпы чорныя свавольных ценяў.

Я зь ёй заўжды. І нас не разлучыць.

Так над калыскай хворага дзіцяці

Схіляецца і ўдзень і ўночы маці,

Яна глядзіць яго, яна ня сьпіць,

Гатова на'т жыцьцё сваё аддаці,

Каб ейнае змагло дзіцятка жыць.

5

У звоне рыфмаў і у іхнай рэі

Сьпявае Муза мне ўвесь час, заўжды,

І кажны раз прытуліць і сагрэе —

Крылатай думка робіцца тады:

Нясець мяне і ў край, што ў ранах млее,

Нясець мяне і ў прышласьць праз гады,

Дзе новы ўсход пурпураю зарэе,

Дзе вольнага жыцьця цьвітуць сады.

Даруй, чытач мой, мне за гэткі раньні

І без пары, бяз часу сьмелы лёт.

Але-ж, казаў той, думкі ломяць лёд

Замінаў. І у творчым парываньні

Чаму-ж парой ня ўзьняцца да высот? ..

................

6

Нікому дум маіх ня ўзяць на засаў,

Пакуль жывуць — усякі змогуць час.

Пакуль жыцьцё у сэрцы не пагасла,

Хачу радзіму ўбачыць шчэ хоць раз.

Маё жыцьцё і я — нястрымна, засаб

Ірвёмся ўвысь, на родных ніў Парнас...

На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса

Лячу, мой Край, сябры маё, да вас.

................

................

................

................

................

................

7

Лячу, лячу з далекае чужыны —

Ля зораў неба торнага мой шлях.

Вітаньне вам, знаёмыя мясьціны,

Табе, зямлі сялянскае прасьцяг!

Я быў і ёсьць і буду вашым сынам,

Бацькамі — вы. Ня спаў я па начах —

Жылі ў маіх вы думках неадхлынна,

А засынаў — былі ў маіх вы снах.

Даўно ня бачыў вас. У дальняй зморы

Мне кажны месяц быў даўгім, як год.

Праз сотні вёрстаў, сотні перашкод,

Праз немарач лясоў, праз стромы гораў

Сягаў да вас, радзіма і народ,

Сягаў да вас, крывіцкія прасторы.

8

Вось і яны, мурожныя лугі,

Што хараством нязгасным вабяць вока.

Ля іх, у сьценях лозаў, — берагі

Ракі-Вусы — дзе плыткай, дзе глыбокай.

Бягуць да берагоў тых праз лагі

Крыніцы, поўныя зямнога клёку.

А зь неба ў люстры водаў, як багі,

Адсьвечваюцца белыя аблокі.

Вуса, Вуса! Ці помніш, як вясной

Тваім я захапляўся ледаходам?

А ўлетку у вабдымкі плынных водаў

Ныраў і дна кранаўся галавой?

Ці помніш, як па коўзкай гладзі леду

На спрытных коўзьнях бегаў я зімой?

9

Ці помніш?.. Ад ракі ідуць прысады

На ўсход. Там бачна Шылава гара.

Туды калісь я бегаў на агляды

Высокіх хвояў, што пасталі ў рад.

Чуў іхны звон. І быў бясконца рады

Калі ўзабраўшыся на хвою, пазіраў

На шыр палёў, на пышнасьць даляглядаў,

Дзе перад гэтым краскі я зьбіраў.

Тут восеньню, вясной, зімою, летам

Па два-тры тыдні я бываў штогод.

Да дзеда ў госьці прыяжджаў. Турбот

Улетку больш за ўсё было — палетак

Карцела кажны абыйсьці; і от —

Мне сталася найлюбым мейсца гэта.

10

Тут, трэ' сказаць, я гадаваўся, рос,

Дармо, што змалку с(т)рога і няміла

Мяне кідаў па іншых мейсцах лёс.

Бо толькі тут мяне зямля ўспаіла

Жывой вадой; багацьцяў ейных плёс

Уліў у грудзі моцы плынь і сілы,

Маю душу да самых зор узьнёс,

Ёй даў узьлёт і даў Пэгаса крылы.

3 маленства сэрца толькі тут маё

Любоў да краю роднага адчула.

За вёскай зь дзедам быў парой; кранула

Мяне — ён вёдаў — ніваў тхнень, гаёў.

«Унучку, глянь, — казаў дзядунька чула, —

«Усё, што бачыш, — наша, ўсё сваё».

11

І я праходзіў праз палі, празь нівы —

Сем год было мне. (Хутка годы йшлі!).

Купаўся ў моры збажыны шумлівай

І прыпадаў грудзямі да зямлі.

Прыкладваў вуха да яе — чульліва

Я адчуваў, як сокі там цяклі,

Як выплывалі напаве`рх імкліва,

Як травы ў гуках, чутных мне, расьлі.

І думаў я аб тым, каб тыя гукі

Сабраць і у вадзін зьвязаць клубок,

Напоўніць імі любы мой куток —

Тады ня бачыў-бы ні зла, ні мукі.

(Такі зь мяне маленькі быў прарок,

Які ня знаў ніякай шчэ навукі).

12

Суладнасьць сьвету — бы увесну сад

Была ў маіх вачах у тыя годы.

І ейная прывабная краса

Мяне запаланіла назаўсёды.

І я — драбочак сьвету — скмеціў сам,

Што кажны ейны пэрл — то дар прыроды,

Што кажны ейны чар — жыцьцю пасаг

І лек духовы ў жоўцьныя нягоды.

Мне люба ўсё было: і лес, і луг,

І шапаценьне тхненнае расьцінкі,

І мігаценьне срэбнае расінкі.

Быў велічным сусьвету кажны рух —

І згодныя жывой істоты ўчынкі,

І сонца ўсходзячага зыркі круг.

13

Любіў вясной глядзець у сінь нябёсаў,

Раскошай дыхаць іхнаю, калі

Па ціхім моры вышыні дзівоснай

Хмурынкі легкія, як пух, плылі;

Калі ў мой край на крыльлях веснаносных

Ляцелі стройным клінам жураўлі...

................

................

Вясна прайшла. А восень стрэла сумна.

Урэзаліся ў памяць тыя дні.

3 тужлівым крыкам птушкі ў вышыні

Ляцелі ў вырай над пустэчай гумнаў.

«Нядобрае прарочаць штось яны», —

Казалі людзі, глядзя ўвысь задумна.

14

А потым? .. Пачалося і пайшло...

Зямлю ўшчала разбойніцкая зруха.

Бы град, людзкія голавы далоў

Крывавая сыпнула завіруха.

Нямала ейны меч злажыў галоў,

І чалавек ёй кажны быў — што муха.

Муку жуды сьмяртэльны млын малоў,

Драпежная крышыла косьці скруха.

Нясьцерпным пеклам стаўся белы сьвет,

Яго зямля — суцэльнай дамавінай.

На кажным кроку — гнеў, разбой злачынны

І ўчынцам гэтага — разгульны фэст;

Куды ня ступіш — сьлёзы, кроў нявінных

І сыты чорным груганам абед.

15

Тады я страціў бацьку, страціў маці.

Я быў зь дзяцей старэйшым — меў тады

Пятнаццаць год. Са мной — шчэ трое ў хаце —

Сястрыца меншая і два браты.

Што мелі мы? А шмат што — і няшчасьце,

І холад, голад — дзень не безь бяды,

І недавер вакольны, і пракляцьце

Бяз дай прычыны — на усе лады.

Мо' гэта шмат каму не да спадобы,

Але з маленства лгаць я ня прывык —

Абману скрух мой голаў не панік.

Хто стрэў той кон, што я — той знае добра

Што ў век мой зьведаў селянін-мужык

І ўнук дасконны дзеда-земляроба.

16

На собскім целе ранаў зьнёс нямала.

Штодня дурманіў розум дымны чад

І злыбяда ў слату, у гразь таптала;

Сягаў няраз і мне крывавы кат

Адсекчы голаў. Мой узрост нясталы

Заменіваў расправу на нагляд.

Так сілаў шмат згубіў. Наканавала

Мне доля жыць, як бачна ўжо, няшмат.

Пяклі агнём мяне пакутаў шчымы,

3 грудзей юнацкую смакталі кроў,

Забралі моц, што я ў жыцьці знайшоў,

Але-ж ні ў летні вар, ні ў холад зімаў

Ім не аддаў нязрадную любоў

Да роднага людзтва і да радзімы.

17

Цяпер ні далеч, ні сыры туман

Ні шэрых вечароў, ні мутных раньняў,

Ні хараства чужога хітры зман

Любові той ня ўзяў і ўзяць ня ў стане.

Крывіч — радзімаю назоў мне дан!

Я рад, я ганаруся гэтым званьнем,

Усім сабой людзтву свайму аддан,

Такі я быў і буду да скананьня.

Заўжды — ці я за працаю цяжкой,

Ці між сяброў, пры радасьці удзеле,

Або хваробай кінуты ў пасьцелю —

Успамінаю кут каханы свой.

Заўжды — пакуль пачуцьці не зьнямелі -

Жыву і дыхаю, мой Край, табой.

18

Мой дарагі! Тваіх глыбінь крыніцы

Гаілі раны ў сэрцы мне няраз.

Каб ня было цябе, даўно я ніцма

Зваліўся-б долу ў непамысны час.

Калі-б ня ты — калючая кастрыца

Нягодаў выела-б мне вочы ўраз.

І толькі там, дзе ты, я змог напіцца

Жыцьцёвых лекаў, як і кажны з нас.

Цяпер ці мала болесьцяў сьцішае

Мне аб табе на'т добры успамін.

Заўсёды ты са мной — я не адзін.

Які шчасьлівы той, хто адчувае,

Што ён адданы Краю свайго сын —

Яму жыцьцё і сілы прысьвячае!

19

Якой-жа бачу я зямлю тваю

Цяпер, мой Край? Яна — уся на ранах.

Паблекла, веліч страціўшы сваю,

І хараство, што так было каханым.

Манголец, акрывавіўшы зямлю,

Нікім сюды ня прошаны, ня званы,

Айчыну найдарожшую маю

Зноў хоча нішчыць гвалтам нястрыманым.

Жадае ён крыві, вязьніцаў, крат,

Ня можа жыць ён без агню, бяз войнаў,

Ён хоча зноў вярнуць закон разбойны.

Чаму-ж, чаму маўчыш, мой родны брат?

Хіба хапае сіл глядзець спакойна

Як рэжа цела Краю твайго кат?

20

Рухомы моцных прадзедаў крывёю,

Нядужасьць я адольваю парой.

Яшчэ ў руках магу ўтрымаць я зброю,

Яшчэ жыву, валодаю сабой.

Ня буду больш праймаць сябе тугою,

А з высака узьнятай галавой

Зь нястрымнаю крывіцкаю сям'ею

Змагарна выйду у вапошні бой.

Сама сабой да нас ня прыйдзе воля,

Сама сабою зь неба не зьляціць.

Калі зьняволеным ня хочаш быць,

А хочаш жыць — выходзь на бітвы поле!

І вольнасьць толькі зможам мы здабыць

Змаганьнем збройным, моцным, як ніколі.

21

Ня лёгкім будзе бой. 3 крыві, з агня

Ня кажны выйдзе цэл. Шмат з нас паляжа.

Магчыма, там складу свой голаў я,

Але ня трусам — войнікам адважным.

Мы зброяй — родам даўняга кап'я —

Перад сусьветам сьцьвердзім і дакажам,

Што слаўная крывіцкая сям'я

Сіл досыць мае на загубу ўражжу.

І не дарма сваю мы кроў пральлём,

І не дарма складзём свае ахвяры.

Усё, аб чым з нас кажны сьніў і марыў,

Калі ня нам — нашчадкам прынясём!

І неба Крыўі не зацемраць хмары,

І тор жыцьця не зарасьце быльлём.

22

Заціхне бой. За намі — перамога!

І новы дзень усходняя зара

Народзіць. Дзень той абяцае многа...

Цяпер і ў прышласьць зазірнуць пара.

Для Крывіча, а не для трутня злога

Нясець яна і моц і плён дабра,

К сабе і кліча й вабіць маладога

Прарока і паэту-змагара.

Як сымбаль вечнага жыцьця, зазьзяе

Над Крыўяй вольнай сьветланосны зьніч.

Зямля на Пяруна ўладарны кліч

Адкажа спорнай працай і ўраджаем.

І бяз чужое ласкі — сам Крывіч

Гаспадаром здалее быць над Краем.

23

Каб чэрпаць веду і навукі дар,

Сваіх дзяцей пашле ў свае ён школы,

А кажны вучань — будучы змагар,

Што не аддасьць мангольскім гордам волі.

Ня зломіць больш яго варожы ўдар.

Абыйдзе ен лясы, абыйдзе долы,

Усё — на'т дзіўных таямніцаў чар —

Ён падпарадкуе сабе наўкола.

Узьняўшы бел-чырвона-белы сьцяг,

Ён з войскам собскім, дружным і адзіным,

На варту стане любае айчыны.

І сьціхамірыцца маскаль і лях,

І не кране` нас ліхадзей злачынны.

................

24

І ён, той сьветлай прышласьці усход,

Перад вачмі маймі гарыць нязгасна.

Магуты, славы, вольнасьці прыход

Нязломнай Крыўі — сонечны і ясны.

Яго ў баёх здабудзе мой народ.

Шлях будзе вольны — і на ўзьлёце часу

Прыймчыцца ён у Край безь перашкод

На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса.

Заўсёды бачыць прышлы дзень найперш

Натхнёны Музаю юнак-паэта.

Хоць ён юнак, а ў Край, вясной сагрэты,

За іншага старога верыць лепш.

І толькі з думкаю і зь верай гэтай

Я сьведама пускаю ў сьвет свой верш.

Рыга, 2. 5. — 29. 10. 1943 г.

ЗЬМЕСТ

 1. Зямля мая — абсяг вялікіх скарбаў

УЗЫЙДЗЕ РАНАК СРЭБНЫ НА ЛУГІ

 2. *** Узыйдзе ранак срэбны на лугі

 3. Гайна

 4. У мроях

 5. Лідзкае замчышча

 6. Дзеці

 7. 3 вамі

 8. Пароша

 9. Каляды

10. Сьнягі

11. *** Ноч топіцца

12. *** Што там, наперадзе?

13. Трыялет

14. *** Зір'нула сонца ў маю хату

15. *** Хутка ў мяне ля вакон

16. Хрыстосаў лёс

17. Першы гром

18. *** Зацьвіцела вясна навакола

19. Вітай

20. Расьці, цьвіці

21. Мора

22. Санэт

23. *** Няраз я чуў

24. Мастак

25. *** Глянь, дружа мой!

26. Максіму Багдановічу

27. Раманс

28. Песьня

29. Сад

I ЗАПЛАКАЛІ СУМНЫЯ ДАЛІ...

30. *** Бывай здароў, знаёмы кут

31. Восень

32. Маладэчна

33. Афарызмы

34. Драбніцы

35. *** Сьпяшайся жыць

36. Раса

37. Няйначай

38. *** Усыпана крыжамі ўся аблога

39. На магіле

40. Паэта

41. Гэкзамэтры

42. *** Ці бачыш ты?

43. Мурашкі

44. Птушкі

45. Рандо

46. У вырай

47. Перачытваючы «Калевалу»

48. Бітва

49. Апэлес і Македонскі

50. Восенскія тэрцыны

51. *** І заплакалі сумныя далі

52. Ліст да крытыка

ТАК БЛІЗКА І ГЭТАК ДАЛЁКА

53. *** Не, ня я тваю сьціснуў руку

54. Мне помніцца студзеньскі вечар

55. *** Сустрэўся зноў з табою ў сьне

56. Раманс

57. Раманс

58. Дождж

59. *** Павісьлі вячорныя змрокі над вулкамі

60. *** Лёгкай рукою на шыбах

61. *** Цэлымі днямі сядзеў

62. Парада

63. Ліпавы цьвет

64. *** Калі звычайную, хай просьценькую рэч

65. Муза

66. *** Маці

67. *** Цемра гусьцее

68. НА ХУТКІХ КРЫЛЬЛЯХ ВОЛЬНАГА ПЭГАСА (Паэма)


Чытальня          Да тытульнае старонкі

© 2000. OCR. Уладзімер Варабьёў, Менск.