КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ"МУЖЫЦКАЯ ПРАЎДА" |
|
№1Дзецюкі! Мінула ўжэ тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, — цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды. Пыталі і пытаюць усе, што чуваці на свеце, хто нам, бедным мужыкам, дасць вольнасць? Но, праўду сказаўшы, мала хто хоча сказаці так, як сумленне кажа — па справядлівасці. Мы, мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас! Маскалі, чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас, но найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасця,— яны то вам самі гэта пісьмо даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг. Шэсць лет ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сэнатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны,— ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякой карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда. Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы — чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці. Праўда, абяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць лет нічога не зрабілі, то чэраз рок пэўне не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе. Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, гдзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай — так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сакеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе. Гэту Мужыцкую Праўду напісаў і зноў пісаці будзе
Яська-гаспадар з-пад Вільні №2Дзецюкі! Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны, паншчыну служыць альбо аброкі ў казну плаціць? Кожны па-свойму талкуе, на сваю старану цягне. Цар кажа, што ён добра нам думае, а паны кажуць, што яны добра думаюць нам зрабіці, а мужык бедны ад іх дабросці як прападаў, так і прападае. Каб расталкаваць людзям, у чом праўда, я пішу пісьмо, а пісаці буду, як Бог і сумленне кажа — вы адно мяне, такога самага мужыка, як і вы, паслухайце добра. Быў то калісьці народ наш вольны і багаты. Не помняць гэтага нашыя бацькі і дзяды, но я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці бывала. Паншчыны тагды ніякай не было. І няма чаго таму дзіваваціся, бо было лесу шмат, поля колька хочаш, а людзей то мала, так нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле. Но ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль. Аднаму і другому багацтва нашае калола ў очы — каб іх так колька схапіла, да і хацелі нас сагнаць з нашай бацькаўшчыны. Трэба было бараніціся, так Кароль кажа - "хадзем бараніці", а тут не ўсе ідуць, да і мала нашых пайшло. Выгналі то Маскаля і Немца — но каб жэнкі да і дзеці гэтых, што хадзілі на вайну, мелі за чым пражыці, так Кароль наш і напісаў такое права: "Гэтыя, што не хочуць ісці бараніці сваей зямлі, няхай абрабляюць поле гэтым, што б’юцца за вольнасць і шчасце ўсіх".І гэтак было доўга: адне баранілі краю, усё хадзілі па войнах, а другія то гаралі, то сеялі, то касілі, то жалі. З гэтуль то і ўзялася гэта паншчына. Судзеце ж цяпер самі, чы можна было зрабіці справядлівей, як зрабіў калісьці наш Кароль Польскі да і Літоўскі? Но калі Маскаль з Немцам хітрасцею нас падбіў і пайшоў ронд маскоўскі, так і ўсё зрабілася па-чартоўску. Стаў зараз маскаль свой ронд уводзіць у нашым краю і кажа: "Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, да і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!" Так якая ж тут ужэ справядлівасць, калі ўсенька, што цяжка, зваляюць на мужыка, калі з яго дзяруць астатню шкуру, б’юць і плакаць не даюць! Ачунялі то былі мужыкі, угледзелі, што кепска, дай давай бунтаваціся пад Касьцюшкаю, а Касьцюшка то кажа: "Калі мужыкі хочуць ужэ самі бараніці сваю зямлю, так няхай жа не служаць паншчыны дый не плацяць у казну аброку за зямлю". От гэта так справядлівасць! Но што ж, калі маскаль спыніў Маніхвэст Касьцюшкі, каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго-то і пабілі маскале Касьцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапілі за сакеры, нажы і косы, так бы маскаль мусіў бы прапасці без паўстаня і мы на век вякаў ужэ былі бы вольныя. Так з гэтага пісьма і відна: што мужыкі панскія і казённыя не павінні плаціць ані чыншу паном, ані аброку ў казну за зямлю, бо гэта зямля да нас належыць; но калі будзе вайна з маскалём за нашу вольнасць, то той час трэба ўсім ісці на вайну проціў маскаля. А то для таго, каб хутчэй прагнаць маскаля з яго сабачым рондам, і каб ніколі, ніякай нікому мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі, і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы. А калі вас хто будзе падмаўляць рабіці іначай: чы то спраўнік, чы то акружны, чы то лапсэсар, чы то пан, то вы яго не слухайце, бо то пэўна ашуканства, што за царскія альбо панскія грошы вечнай вашай згубы хоча!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні №3Дзецюкі! Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых? Я, дзецюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаці пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі. Чалавек то такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хоча, альбо калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога не ведалі і нічога меці не хацелі,- а чы сягодня гэтак скажуць, калі ўжэ ведаюць многа і многа хочуць? Сягодня ўсе ўжэ паразумнелі, усе ўжэ мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасці справядлівай, і смяюцца, як гэта маглі інак думаці. Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае! Вы, дзецюкі, пэўне, вельмі цікавыя, скуль жа гэта народ так паразумнеў? Я вам скажу, скуль гэта. Калі Пранцуз пад Свістаполем заўсім пабіў маскаля, то для таго, каб маскаль не меў сілы і грошы, прыказаў народаві даці вольнасць, не браць рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці! Ён то хацеў адно перамяніць няволю, но, бачу, вельмі ашукаўся, бо хаця нам ронд маскоўскі нічога ў шэсць лет не зрабіў, но мы як пачулі, што і мужык можа быць вольны, так пачалі пытаціся ў людзей разумнейшых і талкаваці паміж сабою, аж зразумелі, што то вольнасць значыць. От скуль гэта ўзялося, што народ паразумнеў. Мы сягодня ўсе ўжэ ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за катору ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць,- калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу,- калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае гдзе, а ідзе бараніці свайго краю тагды толька, калі які непрыяцель надыдзе,- калі робіць усенька, што спадабае і што не крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай,- і калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. От што вольнасць значыць. Сягодня то ронд маскоўскі нас не атуманіць, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі ўперад, і пазналі, што нам не маніхвэстаў царскіх, а вольнасці патрэба. Маскаль то хітры, ён-то, дзецюкі, хоча, каб не даці ничога, а народ думаў, што ўжэ мае ўсё як належыць. Не мерыўшы, судзеце хаця з гэтага а яго хітрасці. Два рокі ўжэ таму, калі яшчэ ніякіх маніхвэстаў а вольнасці не аб’яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою 19 фэвраля збунтуецца. Тагды цар, бачу, збаяўся і вялеў сэнатаві з’ехаціся, а народаві аб’явіць, што ў посце вольнасць дастане. Народ дурны паверыў да і разышоўся, а цар, з сэнатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб’явіў у мейсцу вольнасці маніхвэст, а ў маніхвэсце прыказвае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў да і чорт іх ведае на што. Судзеце ж цяпер самі, чы ж не ашуківаюць нас? Но не надоўга здасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжэ пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба - і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо. А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужэ талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толька, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка, а народу многа. Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні №4Дзецюкі! Няма і куска зямлі на свеце, каб людзі былі адзін у другога ўсё добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, е ронд, што бярэ падаткі, робіць школы, наўчае кажнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кажнага ад ліха і здзерства. От на што ронд патрэбны. І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. Гэтак, дзецюкі, робіцца на цалюськам свеце. А калі за граніцаю, чы то ў Пранцуза, чы ў Англічаніна, народ спагадае рондаві, то для таго, што ронд слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчаслівы. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак? Чы ў нас е справядлівая наука ў школах, што учыць жыці без крыўды другога? Чы е праўда і справядлівасць у судзе? Чы можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Чы ронд маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчасліве? Самі скажэце. У нас, дзецюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табою праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кажнаму народ глуміці, каб адно як найбольш грошай у кішэнь яго дасталася. Ронд маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палегчыць народаві, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і заўсім людзей зглуміці. Чаму гэтак робіцца пад рондам маскоўскім, я вам скажу — вы адно мяне паслухайце. Ронд — гэта заўсім так сама, як чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так ронд мае цара, каб рондзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як цар захоча. Для таго як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так у рондзе, калі цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжэ да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраці бедны народ. І гдзе ж тут шукаці праўды? Так з гэтага пісьма і відна, што глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самаго цара — ён-то з нас выбірае войска, ён-то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а узяўшыся за ўсімі гыцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжэ канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шубеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу! Для таго-то цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая-то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што наш мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога — і для таго як мы яго ронду, так ён нашай вольнасці баіцца. Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, но памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні №5Дзецюкі! Мала таго, што з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатню кашулю, мала таго, што ніколі не можаш дабіціся да куска хлеба, а ўсё, што заробіш, аддаці мусіш чорт ведае каму і чорт ведае на што, мала таго, кажу, што жыццё нашае горша сабачага,— но скажэце, мае міленькія, чы есць паміж намі хто-лень, каб не аплаківаў яшчэ альбо свайго сына, альбо свайго брата, альбо свайго мужа, што цар забраў яго ў рэкруты да і загнаў чорт ведае гдзе? Працуе бацька цяжка на дзецеткі свае, гадуе маці сына, ночанькі не спіць, а цар, сабача яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, вяліць лавіці, у дыбы скуці і гнаці ад радні далёка. А маскоўскае жыццё — горка ўжэ доля. Забыці там трэба, што есць у нас наша бацькаўшчына, што есць у нас наша радня, а аддаці жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечну няволю нашых братоў. Гэтакага ліха, дзецючкі, і скаціна не знае, а вы, мае міленькія, пэўне, і не падумалі, скуль яно на нас навязалася, чы гатак было за нашых дзядоў і прадзедаў і чы гэтак мусіць быці? Усё гэта я вам расталкую, а хто мае праўду ў сэрцы і дабра хоча, той мяне паслухае. Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказываюць яны, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, но войска польскае ўсё было зэ шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва, да і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль-то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек шоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд польскі даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхетства,- а маскаль чы гэтак робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служымо без людской стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхетства, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, мог, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе пранцуз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы-то даемо рэкрута і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем,- і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам - самі скажэце? Праўда, што мы былі дурныя і, як гэтыя авечкі, нічога не зналі, но, здаецца, пара ўжэ паразумнець, угледзець праўду. Вы ведаеце, дзецюкі, добра, што пранцуз прыказаў не даваці ўжэ больш маскалеві рэкрута, для таго, калі цар захоча ўзяці, так, цэлымі грамадамі згаварыўшыся, нігдзе яму не давайце. Ён цяпер хоча ўзяці 5 з тысяча, но як мы яму дамо 5, то ён пазней захоча ўзяці 10, і зноў пойдзе па-старому. Цяпер мы яму аддамо гыцляў, но пазней трэба будзе аддаці і сваіх сыноў. Так для таго, дзецюкі, талкуйце добра і не давайцеся ашуківаць. За мужыцкую крыўду стойце смела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто бы ён ні быў, чы то старшына, чы акружны, чы хоць сам губэрнатар, то вы яго таўчэце мужыцкаю рукою, а будзе вольнасць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа! Так, дзецюкі, па дабросці да ладу не дойдзем!
Яська-гаспадар з-пад Вільні Паказываюць, што мужыкі кала Варшавы збунтаваліся і не далі рэкрута. Тагды цар паняволі мусіў дараваці.
№6Дзецюкі! Чы мая праўда горка, чы яна салодка, я пісаў заўсюды і пісаці буду — учыў я вас, як рабіці трэба, і ўчыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабеце так, як сумленне вам скажа, а Бог яшчэ злітуецца над намі і дасць нам шчасце, і дабро ў нас будзе. Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам свеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных,- а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае. Калі сын боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго. Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры, і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! О, дзецюкі, ліха такому чалавекові! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддасць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тагды сваё ліха — но ў пекле па няўчасе ўжэ будзе, не перапросіш тагды ўжэ справядлівага Бога, і мэнкам тваім ніколі канца не будзе. Цяпер пытаю вас, дзецюкі,- хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіці трэба, каб мы былі шчаслівыя і на гэтам, і на тамтам свеце? Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, гэта цар маскоўскі, ён-то, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую - уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі. Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваею хвалою, і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: Сьвенты Божа, сьвенты моцны, свенты несьмертэльны — змілуй сен над намі! — і Бог найвышшы змілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам свеце дасць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла! Паказваюць людзі, што свенты Ойцец аж з Рыму прыслаў ужэ да нас сваё благаславенне (но маскаль яго спыняе) - гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на уніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе! Так годзе ж ужэ, дзецюкі, жыці без ніякай пацехы на свеце, калі Бог міласерны мае злітаванне над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, згавары пацеры, каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам свеце. Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уняцкай веры Яська-гаспадар з-пад Вільні №7Дзецюкі! Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разгледзецца добра да разабраць, што гэта дзеецца на свеце, штоб ужэ спавясціць вас па справядлівасці да сказаць, як наказуе Бог да сумленне, што нам цяпер трэба рабіці. Ждаць моўчкі больш ужэ нязмога! Памяркуйма толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю. Чыноўнікі, папы да маскалі, усі ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае да дасць волю, Справядлівую Волю. І слухалі мы цара. Казаў ён нам яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў да братоў на край света пагналі. Накінуў нам падушнага — плацілі мы падушнэ за жывых і ўмёрлых, за дзяцей да за старцаў нядужых, - плацілі мы земску павіннасць да ўсялякія зборы, плацілі на пасярэдніка, на праўленне, старшынам, пісарам, акружным, асэсарам — да Бог ведае каму ні плацілі, — да ўсё не пыталісь, куды йдуць нашы грошы. Усі нас крыўдзілі да ўсі абдзіралі; біў нас сільнейшы, крыўдзіў багатшы — а на тое нідзе не было справядлівасці. Мы ўсё маўчалі да слухалі, усім кланялісь, за ўсё плацілі, усё цярпелі, ждучы канца, бо спадзяялісь Справядлівай вольнасці, спадзяялісь, што дадуць вольную зямельку да ў падушнам справядлівы пабор будзе. Заміст таго, штоб аддаць нашу зямельку да якую ж зямлю?! Гэту, што з дзядоў-прадзедаў кроўнаю працай дзесяць раз ужэ на яе зарабілі да заплацілі. За гэту зямлю цар наказуе нам чыншы плаціць у казначэйства. Да якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам да судовым кравапійцам, да яшчэ з кожным годам усё большыя да большыя. Так волі нам ужэ і не будзе: век цэлы плаці да на век нясі астаткі, штоб адплаціцца палатам да праўленням. Падмануў жа нас цар, а яго служкі - папы, чыноўнікі да маскалі — падвялі нас, як чорт добрую душу. Мала таго: беручы некрута навесні, казаў цар, што больш браць не будзе. Мы, як тая дзяціна, і паверылі, што не будзе, а цяпер бач! — ізноў цар наказуе з кажнае воласці пастанавіць па сто хлопцоў, што пойдуць у маскалі па ахвоце, а як ахотнікаў не будзе, так грамада прысудзіць, каму йсці ў некруты. Скруціўся хіба! — штоб то хто йшоў у маскалі па ахвоце. Так ось ужэ ў другэ падмануў нас цар з некрутам. Узяў пяцёх з тысячы, а цяпер давай сто з воласці, а ў осені яшчэ можа дзвесце або трыста захоча, бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, і не падолее Пранцуза, што за Польшчу ўступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго, да як пабачылі, што цар толькі лёстачкамі душу выймае, а новымі падаткамі, некрутам да чыншамі астатнюю сарочку з ніх здзерці хоча, от усі разам з віламі да з косамі пайшлі дабівацца зямлі да праўды, а іншы і святой уніяцкай веры. От і дабілісь. Выйшаў ужэ Польскі Маніхвэст. Зямля вольна даецца ўсім мужыкам, бо гэта іхня зямля з дзядоў-прадзедаў, за гэту зямлю ніхто не мае адрабляць паншчызны і чыншаў ніякіх нікому плаціць; падушнага больш не будзе, а толькі падымнэ, як колісь плацілі; некрута больш не будзе, а ўсі мужыкі, і паны, і мяшчане, усяк адслужыць 3 гады ў сваей зямлі і зноў сабе вольны. Уніяцкія касцёлы, што маскалі забралі, аддаюцца назад уніятам, і хто хоча, мае права хрысціць дзяцей па-уніяцкі да да уніяцкіх ксяндзоў ісці да споведзі і па-старому Богу маліцца, як яшчэ бацькі нашы маліліся. Но цяпер самі разбірайце: дзе больша праўда, ці ў польскам маніхвэсце, ці ў царскам? Цар абяцаў даць вольнасць — да не даў. Абяцаў не браць некрута, а цяпер ужо другога наказуе. Польскі маніхвэст даў зямлю, не бярэ некрута, скінуў падушнэ, павярнуў унію. Но скажыце ж, браткі, хто нам лепш думае?! Памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы, - дык што ж — цар адказуе, што ў нас мужыкі ўсім давольны, іншае волі не хочуць, што яны любяць цара да душы, што шлюць яму лісты, да зносяць падаткі, да ахвотна плоцяць чыншы, а некрута пастановяць колькі цару заўгодна, а уніі ніхто не хоча! І тут нас цар падманывае, скрывіць хоча праўду, штоб нас саўсім пагубіць. А Пранцуз на нас толькі ждзе: да каму ж ён памагаць стане, калі ў нас будзе ціха. А мы, хоць нам царскія служкі зняверылісь надта, робім усё, што яны нам ні скажуць. Такім спосабам не зазнаць нам волі да справядлівасці. Не так думалі мужыкі ў Польшчы. Служылі яны яму верна, як і мы, да, пабачыўшы, што не выслужаць нічога, сталі дабівацца і дабілісь волі. А і іх царскія служкі дурылі, як нас цяпер дураць - падмаўлялі, штоб слаць лісты да цара перапрашаючы, да па-старому несці падаткі, да даваць некрута, учылі і іх, як даносіць адзін на аднаго, як лавіць да маскалям адстанаўляць, да мала знайшлося такіх, штоб то, не баючысь Бога ні сораму людскога, служыць маскалям, бо ўжэ спазналі мужыкі царскую думку. А такіх, што за грошы не пабаялісь служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі да праўды на свеце да спрэчны былі новай вольнасці да новаму польскаму маніхвэсту, гэтакіх вешаюць, як подлых сабак, селішча іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба. Падумайце добра, да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ужэ не падмане — не падвядуць маскалі! Няма для ніх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба - для ніх мы глухі і немы і нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды - а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагці будзем да ўведамляць, адкуль на ніх цягне нячыста маскоўска сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. - А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам да бацькам.
Яська-гаспадар з-пад Вільні ПІСЬМЫ З-ПАД ШЫБЕНІЦЫІ да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці. За ўсіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі. Праўдзіва дзівота, жывучы пад рондам маскоўскім гэтулькі часу, цяпер ледзь мы аб гэтым пачулі, для таго не без карысці будзе паглянуць, як гэта маскоўскія браты самі ў сябе гаспадарылі да і з намі рабілі, каб пазнаць іх шчырасць і права на брацтва нашае. Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтам народзе ўсякую памяць а свабодзе да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мыслі, без праўды, без справядлівасці, без сумлення да і без баязні Боскай. 3 гэтакім народам цары маскоўскія, што то жывуць людскою крыўдаю, падбілі зямлю нашу пад сваё панаванне, тут то мы іх і пазналі, гэтых, як яны сябе называюць, братоў нашых. Ронд польскі, правіўшы намі, не браў з нас рэкрута, не адрываў народу ад дзяцей, ад бацькоў да і ад зямлі роднай і не гнаў гдзесь у канец света, каб завадзіць няволю, выціскаць слёзы і пракленства на душы нашай. Ронд польскі калі браў з нас падымнае, то не заводзіў гэтакіх стаенных падаткаў па душы нашы, што то да Бога адно належаць. Ронд польскі, маючы Бога ў сэрцу, не ўпісаў нас у сызму, у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба, як бы ўжэ цар быў Богам на свеце, а вера да казны належала. Ронд польскі ўжо таму будзе 70 лет, выперажаючы многа суседскіх народаў, пачаў ужэ талкаваці а свабодзе мужыцкай і роўнасці братняй мужыка з шляхціцам, а енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш спявае, што ён вельмі быў добрым і маскаля крэпка біў, высказаўся ён за вольнасць нашу, но маскаль то перашкодзіў і завёў свае ронды. Пагляньма ж цяпер, што ён зараз пачаў рабіці, гэты дабрадзей мужыцкі, як сам цяпер кажа: найперш, каб не магло вырабляціся сумленне народнае, пакасаваў маскаль усе сходкі людзей выбарных, усе школы нашы, а так, абабраўшы з сумлення да і з розуму, а завёўшы ў нас свой парадак маскоўскі, пазволіў кожнаму дужшаму глуміцца над бедным як толька хоча. Паноў заўсім увольніў ад усякіх ценжараў, даў ім права завадзіць паншчыну маскоўскую, а яна то не тры дай не шэсць дзён з хаты, но 6 дзён з душы рабочай. Мужыку не толька што не даў ніякага права, но яшчэ адабраў і тое права, якое ён меў ад ронду польскага; многа людзей вольных да і каралеўшчызны вялеў у паншчызну ўпісаць, кажнаму можна было мужыка крыўдзіць, а чыноўнікі маскоўскія не рабілі яму ніякай справядлівасці, но яшчэ калі суд на глум не ссылаў мужыка ў Сібір, то аддаваў на вечнасць у салдаты. Калі які пан, паслухаўшы сумлення, ішоў за праўду і справядлівасць і спраціўляўся прыказу царскаму, каторы кажа: дзяры, бяры да і маўчы;, тады яго, калі не ўцёк да пранцуза, у турму бралі да і ў Сібір гналі, а двор з людзьмі ў казну забралі, стуль то ў нас і мужыкі казённыя. Пярвей яны служылі казне паншчызну, а после ў аброк іх упісалі, дай акром аброку ганялі без ніякай падзякі ўсялякаму чорту на работу: то акружному, то асэсару дай кожнаму, хто адно перакупіў. Начальства ось то якое маскоўскае для мужыкоў, а нібы дабрадзей! Няхай той сам судзіць, хто пісьмо маё чытаці будзе, я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам польскім не заўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на свеце. Тут сказаці яшчэ трэба, што ён змусіў нас пакідаці бацькаўшчызну, ісці ў рэкруты, дай ваяваці не за прыказ Боскі, не за праўду і справядлівасць, но за глум, за няволю не раз проціў братоў да бацькоў нашых. Тут сказаці трэба, што маскаль, дабрадзей мужыцкі, зняўшы з паноў усялякія падаткі, зваліў іх адно на мужыцкае племя, аблажыў падаткамі і мужыцкую зямлю, і мужыцкія хаты, і мужыцкую душу, і мужыцкія дзеці, і мужыцкую скаціну, жывых і ўмершых. Но не тут яшчэ канец маскоўскага дабрадзейства. — 3 дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сыэму пагану. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчызну, і каб слёзы мужыцкія не трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру уніяцкую. Праўда, людцы, ёсць за што падзякаваці!.. А чыноўнікі то маскоўскія — яшчэ адно дабрадзейства. Чытаў я ў ксёнжках, што ёсць на свеце якась саранча, катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарску зглуміць. Маем мы, браткі, горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўнікі маскоўскія з сваёю праўдаю і справядлівасцею, яны людзі вельмі здатныя, што то па-маскоўску праворныя, умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі як маці радзіла — і жыві пад гэтакім рондам без суду і праўды. Зараз па вайне з пранцузам пад Севастопалем пачалі меж намі слухі хадзіці, што маюць мужыкам даць вольнасць. Ждалі мы доўга, аж нарэшце тры леты таму выйшаў указ царскі, — праўда, многа там было напісана, а карысці то для нас мала. Парабілі адно канцылярыі, пасрэднікаў, старшынаў, пісараў усё за грошы мужыцкія, а паншчызну як хадзілі, так і трэба было хадзіці. Дачуўшы мы гэта, сталі праціўны, і тут то і маскалі нашліся, каб прымусіць нас да міласці царскай, а нагайка казацкая мела скрапіць наш братні узёл, не ведаю адно з кім: ці з панамі, ці з маскалямі. Няхай за мяне скажуць тыя, што мелі ахвоту скрапляці, дабрадзеі нашыя, браты маскоўскія. Трудна сказаць, як доўга мы бы паншчызну хадзілі, каб не паўстанне польскае. Ронд польскі, аб'явіўшы свой маніхвэст, зямлю мужыцкую аддаў мужыком на вечнасць, і мы то перасталі зараз паншчызну хадзіць. А калі Бог усёмагучы навярнуў паноў да праўды і зрабіў іх паслушнымі прыказам ронду польскага, тагды маскалём настаў кепскі час, і ён мусіў паняволі прыпісаціся да нашага і жыдоўскага брацтва. Бач, які мудроны брат; аднак крыху і так ашукаўся, бо як той казаў: і ў брата не свая хата, і брат паишоў бы ў паўстанне, каб меў якую качаргешку ў рукі ўзяці; а жыд, хаця пагаворка і кажа: што як бяда, то да жыда, не заўсягды голых прымае, тым бардзей такіх, што нажлапталіся нямала і слёз і крові жыдоўскай. Но каб ляпей пазнаць маскоўскую хітрасць, пагляньмы шчырым окам, што цяпер маскалі выраблялі з намі, у гэту ліхую для сябе гадзіну, калі, пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаванне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся; ронд польскі цяпер аддае нам на вечнасць зямлю нашу за нашу працу, маскаль піша дай устанаўляе якіясь там чыншы, каторым ніколі ніякага канца не будзе, як то меж мужыкамі казённьмі. Калі ронд польскі дае нам вольнасць праўдзівую, маскаль, не кажу цэлымі сёламі, а цэлымі грамадамі гоніць людзей, заўсім адняўшы свабоду, у сібірскія пустыні. Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца света маскалёў насылаюць, што толька ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу. Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці за ўсякага дабытку, то і патрапіць кажнаму ўбіць у галаву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі калі не раз харашо кажа, то ніколі па-людску нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга. Трудна ўсё гэта расказаці, што мы ўжэ кроўю запісалі, так што слёзы льюцца, чытаючы бяспраўе, якое маскалі рабілі дай да гэтаи пары яшчэ робяць. Хто хоча дазнаць праўдэівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім, то і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела. Но не мала працы трэба, каб здабыць гэту свабоду, каторай жджэ ўсякі, пачаўшы ад дзіцяці да старога дзеда, бо калі маскаль гэтулькі лет упускаў свае пазуры ў грудзь нашу, так не дзіва, што трэба пацярпець доўга, каб вырвацца з-пад яго братняй апекі, для таго і не без карысці будзе, калі цяпер паталкуем, якія мы маем на то спосабы; гаварыць тут будзем мало, кожны ведае для чаго, бо маскаль не павінен ведаць, пераняўшы на прыпадак пісьмо гэта. Доўга палякі ждалі памоцы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі; кажуць, што яны не маюць ніякай патрэбы сваей у польскім дзеле, каб на маскаля ісці за нас ваяваці. Двесці лет таму назад, а бацькі нашы ляпей ужэ казалі: Калі маеш Бога ў сэрцу і прыказ Яго, памагай бліжнему і ішлі бараніць хрысціянства ад татарскай дзічы; да гэтакай памоцы хаця і маем права, но мы не вымагаем, няхай кожан робіць, як яму ляпей здаецца. Аднак сказаці тут трэба, што калі ўсе каралі падпісалі нашу няволю маскоўскую, то яны вельмі скрыўдзілі чэсць сваю, што змыць гэтае бясчэсце не толька патрэба, но кожан мусіць, каб мець сумленне чыстае. Для таго, знаючы, як стаіць наша дзела за граніцай, не перастаем верыць, што мысль Боска, правёўшы векі, не дасць загінуць праўдзе і справядлівасці, калі ўжэ не найдзе для таго спосабу ў цяперашнім парадку, разарве гэты узёл дай паверне сілу народу куды схоча. Нам адно сільна з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага за ўсяго карыставаць; сілы нашы яшчэ вялікі, ваяваць з німі можам Бог ведае як доўга, но для таго трэба, з аднэй стараны, іх аберагаць, а з другой, вырабляць што раз то новыя. І так калі паўстанне зроблена пад добрую пару, узрастае і ажыўляе народ, — не ў час, марнуе сілы кожнага, аслабляе ў прастоце духа дай разводзіць страх і няверу ў дзела наша, у моц Божу. Ронд польскі і яго чыноўнікі ведаюць гэта і для таго, каб служылі добра перад Богам і сумленнем народным, робяць не штучныя завірухі, но, паняўшы духа народнага, яго патрэбы і волю, [будуць] падхватываць дай разумна застаўляць палкі народныя, а развіваючы непадатлівасць у народных несканчоных бунтах, ставіць апору маскоўскаму ў нас панаванню. Работа тут не хутка дай непаказна, но за то пэўна, і яна нас давядзе да канца добрага. Работа тут сярмяжна, для таго каб была скутэчна, павінна быць так шчыра і проста, як тое сэрца, што б'е пад сярмягай, як той розум мужыцкі, што не перабірае, калі рабіць трэба. Тагды слова ронду польскага — вольнасць, роўнасць дай свабода народу — пяройдзе ў кроў кожнага і цэла моц маскоўская нас не пераможа, хаця ж бы яму самое пекла памагаці стала. Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія. Ронд польскі і яго чыноўнікі павінні добра над гэтым падумаць, грошы ў нас будуць, бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі ўзяці, Ронд польскі гэтаму зарадзіць; а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну. Для цябе ўсё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бяспраўнаму, не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рог, скажуць: шалёныя, Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа. |
* * *Марыська чарнабрэва, галубка мая, Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая? Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала, Адна страшэнна горыч у грудзях застала. Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці, То мы прападзем марна, но праўды не кінем, Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем. Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю, А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, То я з таго свету табе адазвуся. Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе. І часам спамяні пра Яську твайго, Што згінуў за праўду для дабра твайго. А калі слова пяройдзе у дзела, Тагды за праўду станавіся смела, Бо адно з праўдай у грамадзе згодна Дажджэш, Народзе, старасці свабодна. |
* * *Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шубеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду. Прыймі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана. Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу. Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сакеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную. Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга |
WEB-публікацыя падрыхтавана паводле: "Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць. Творы, дакументы." Мінск, " Беларускі кнігазбор", 1999. |