Site hosted by Angelfire.com: Build your free website today!

      Як сведчаць некаторыя нашы даследчыкі, толькі ў Беларусі ў 30-ыя гады яжоўска-берыеўскім рэпрэсіям былі падвергнуты сотні тысяч чалавек. Значная частка іх была выслана на ўсход і поўнач краіны (Салавецкія астравы, Варкута, Калыма), а астатнія ліквідаваны на месцы — непадалёк ад іх месца жыхарства. Апошняе было танней, не загружала і без таго заўжды перагружаны чыгуначны транспарт. Але дзе канкрэтна ліквідаваны гэтыя многія сотні тысяч, у якой зямлі тлеюць іх белыя костачкі?
      Не трэба думаць, дарагі чытач, што гэта нейкая асаблівая, праклятая людзьмі і богам зямля, — па сутнасці, гэта тыя ж самыя мясціны, па якіх штодня ходзім мы, дзе адпачываем на лагоднай прыродзе ў выхадныя і святочныя дні, дзе весела гуляюць, нічога не ведаючы аб мінулым, нашы бесклапотныя дзеці. Так, яны не шмат што ведаюць з тых жахлівых часоў, ды і мы, дарослыя, інфармацыю такога роду пачалі атрымліваць толькі ў апошні час. Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі метадамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад покрыва “сакрэтнасці”, утаіць ад народа свае крывавыя сляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасцю, рана ці позна яны выходзяць на свет божы, каб лішні раз закляйміць зло і засведчыць неабходнасць пільнасці.
      У нас ёсць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сведчанне гераізму беларускага народа ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленням аб ахвярах сталіншчыны. Тое няправільна і недаравальна! Мы павінны памятаць аб іх — не героях, а бязвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклён, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова “Завошта!”
      Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытанне, затое адказ на яго павінны зразумець мы.
      Менавіта гэтай мэце і служыць змешчаная ніжэй публікацыях двух аўтараў, здзейсніўшых свой людскі абавязак перад народам і перад гісторыяй.

Васіль БЫКАЎ



 
Зянон ПАЗНЯК, Яўген ШМЫГАЛЁЎ

 
Курапаты - дарога смерці Рэшты нябожчыкаў у Курапатах

Тое, пра што мы хочам расказаць чытачам, вядома шмат каму. Але, відаць, як і мы, тыя, хто пра ўсё ведаў, падпарадкоўваўся абставінам і цярпеў. Для нас гэтае цярпенне было невыносным. Невыносным ад усведамлення, што хутка бяжыць жыццё, паміраюць людзі і знікае памяць пра страшэнныя злачынствы супраць народа, учыненыя ў 30-х гадах. Невыносным ад усведамлення таго, што калі страціцца, зглуміцца гэтая памяць — паўторыцца ўсё спачатку.

Чалавек, што зрабіў злачынства і існуе з ім, — злачынец. Ён здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумлення, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасць жыцця і смерці, вечнасці і бяссмерця. Патрабаванне ўсёй праўды аб злачынствах 1930—1950-х гадоў — гэта голас народнага сумлення.

Ачышчэнне сумлення неабходна грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд — найвялікшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, не стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават “ціхія пенсіянеры”. Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія і не бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народа, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павінен быць рахунак сумлення, каб не вярнулася смерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй.

3. Пазняк: У маладосці ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулі апавяданні людзей, што вярнуліся са сталінскіх турмаў і лагераў, амаль з небыцця. Тады нічога не запісаў, не занатаваў і з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калі ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фалькларызуецца, міфалагізуецца народная памяць аб тых часах і проста знікае. Пачварныя вобразы з тых апавяданняў стаяць у свядомасці...

Вось гоняць людзей па этапах. У дваццаціградусны мароз вязуць цягніком. Спыніліся на станцыі. “Усім раздзецца, — загадвае канвой, — пойдзем у лазню”. Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадой. “З лёгкай парай, — рагочуць канваіры, — а цяпер -спаць”. І зачынілі дзверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб звісалі галовы, а нехта з катаў разбівае іх калуном. Відаць, загадана для гарантыі. Мінаюць гады, і не знікае з уяўлення забойца мерцвякоў.

Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, свішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна не ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, змерзлыя трупы ўздоўж сцен, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. І выразна паўстаюць перада мной тыя атланты і карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз — барак...

Расказваў Іван Трафімавіч Смаль, член партыі з 1917 года, член Гомельскага рэўкома. У 1937-ым ён працаваў на Магілёўскім аўтарамонтным заводзе намеснікам дырэктара. Яго забралі па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца — завод своечасова не адрамантаваў дзве машыны. Уткнулі ў камеру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга было нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар'яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. І калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.

А каб выбіць паказанні, была асобная камера, цёмная, з нізкай, ніжэй паўтара метра столлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзіным сухім месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. І толькі там чалавек мог знайсці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар'яцеў у той труне.

Іван Трафімавіч стрываў усе катаванні і не здаўся, не падпісаў абвінавачанні. Пасля краху Яжова яго выпусцілі — хворага і сівога... А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забеспячэння БССР. У вестыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзнятай галавой і сіваватай прычоскай. “Здравствуйте, Иван Трофимович”, — не сказала, праспявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. “Бацька, хто гэта?” — “Гэта Байкова. Перад вайной яна была следчай у Магілёўскім НКУС”. Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілёўскія вязні. Садыстка, яна вяла допыты толькі мужчын, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянераў. Вязню загадвала распрануцца дагала і танцаваць пад мелодыю вальса “На сопках Маньчжурыі”, патрабавала спяваць. Потым брала спецыяльна зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі і сцябала чалавека па органах і самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязня да немарасці ад болю.

Да 1937 года сын Івана Трафімавіча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКУС), бываў у іх дома, не ведаючы ні аб чым. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі і гарбатай...

Я. Шмыгалёў: У сярэдзіне 1950-х гадоў, будучы капітанам Савецкай Арміі, я служыў у Валагодскай вобласці. Там я пазнаёміўся са старшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадах прымаў удзел у высяленні татараў з Крыма. Ен расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі ў адначассе абкружаны войскамі НКУС. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Збіраліся пад дуламі аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў — смерць. Татараў загналі у вагоны і павезлі ў Сібір і Казахстан. У эшалонах іх кармілі толькі салёнай камсой і селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя і старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі аб літасці, але літасці не было. Каштоўныя рэчы і грошы канваіры адбіралі сабе. Пра здзекі над татарамі Увараў расказваў з задавальненнем, са смакам, лічыў свае паводзіны правільнымі, а сталінскі акт у адносінах да татараў ухваляў.

3. Пазняк: Павінна быць кніга народнай памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданняў. “Памятаю, у 1938-ым зімой іду па вуліцы каля будынка НКУС,— успамінае мінчанін Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. — Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКУС, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравоза — гэтулькі там насадзілі людзей”. Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць папкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітком набітых падвалах дыхае парай, крывёй і потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?

Мы знайшлі гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелі людзей, якіх расстралялі? Дзе яны, іх жа не два, не тры чалавекі, а тысячы? У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраіне Мінска, злева ад Лагойскай шашы, не даязджаючы да кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказалі нам, што за два кіламетры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і заслаўскай дарогамі, у лесе з 1937 па 1941 год кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы і глухмень. Кавалак бору гектараў з 10—15 быў абгароджаны высокім, вышэй за тры метры шчыльным дашчаным плотам у накладку — дошка на дошку, абцягнутым зверху калючым дротам. За плотам была ахова і сабакі. Людзей вазілі сюды па гравійнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракту на Заслаўе. Шлях той называлі тады “дарогай смерці”.

Апытанне зяленалужцаў і жыхароў навакольных вёсак Цна-Ёдкава і Драздова — сведак і відавочцаў тых страшных падзей — дапамагло ўстанавіць не толькі факты, але і ўзнавіць карціну масавых забойстваў. Аднак у 70-х гадах абнародаваць, усім расказаць пра іх не было магчымасці.

У 1987—1988 гадах мы расшукалі некаторых жыхароў знесенай ужо да гэтага часу вескі Зялёны Луг, зноў зрабілі апытанне старажылаў і сведак падзей у навакольных вёсках, высветлілі акалічнасці, дэталі, занатавалі адказы...

Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень - на раніцы, у 14 гадзін і вечарам, калі сцямнее — у лес прывозілі па некалькі машын людзей і расстрэльвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалі слоем пяску не больш за 20—25 сантыметраў. Часам зверху саджалі сасонку.

У другой палавіне 1937 года месца абгарадзілі. Смертнікаў пачалі прывозіць па іншаму графіку: пасля абеду, пад вечар і цэлую ноч. Вазілі безупынна штодня. Апытаныя не памятаюць нават, ці былі перапынкі ў нядзелю. “Кожны дзень стралялі, — расказвае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 года нараджэння), — і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны збяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца”.

“Іншы раз адразу па некалькі машын заязджала ў загарадку, вазілі без перастанку, — расказвае Дар'я Ігнатаўна Тоўсцік з Цны (з 1911 г.). — А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны”.

“Уся веска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглі спаць ад стрэлаў”, — кажа старажыл Цны Бацян Раман Мікалаевіч (з 1913 г.). Тое пацвярджае Няхайчык Мікалай Пятровіч (з 1929 г.) і іншыя цнянцы. “Старэйшыя хлопцы, які смялейшы, дык нават лазілі за плот, — кажа Мікалай Пятровіч, — рабілі дзіркі ў агароджы і шмат што бачылі”. Мы пытаемся, ці жыве яшчэ хто з іх. “Ёсць: Карповіч Мікола”.

Мікалай Васільевіч Карповіч нарадзіўся ў 1919 годзе, самавіты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакідаў яго па свеце і па франтах. У 1937—1938 гг. не раз бачыў, як забівалі людзей у лесе. Магілы, відаць, капалі ў першай палове дня, бо пад вечар (часта пасля абеду), калі пачыналі пад'язджаць машыны, ямы былі ўжо выкапаныя. М. Карповіч распавядаў, што людзей забівалі партыямі. Ставілі ў рад, затыкалі кожнаму рот коркам і завязвалі анучай (каб не выплюнуў кляп). Забойцы былі ў форме НКУС. Яны стралялі з вінтовак збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. “Як стрэліць, — кажа Мікалай Васільевіч, — дык адразу двое ў яму і падаюць. Патронаў шкадавалі”. Настралялі адну партыю, крыху прысыпалі штабель, паправілі, каб роўна было, і падводзілі наступную партыю. Настраляўшы даверху, яму прысыпалі пяском і зараўноўвалі.

“Адзін раз, — апавядае М. Карповіч, — спатыкае мяне вартаўнік з Малінаўкі (вёска за 4 кіламетры адсюль.—Аўт.), разнерваваны, узрушаны, Ужо набілі, кажа, ідзі паглядзі, нават не засыпалі... Падышлі мы да плота, што ля дарогі. Аж блізка ў лагчыне вялікая шырокая яма, даверху трупамі напоўненая. Ляжаць, брат, у рад, як парасяты”. Пытанне: “Ці было, каб выратаваўся хто адтуль?” — “Куды там выратуешся, гэтакі плот, — адказвае Мікалай Васільевіч. — Праўда, раз пад вечар, ужо шарэла, ішоў я праз лес з Зялёнага Луга ў Цну з адным нашым. Вусцішна было. Якраз страляць перасталі. Аж бачым, сядзіць чалавек пад дрэвам у акрываўленай бялізне, ледзь жывы. Мы падышлі — што рабіць? Якраз машына завурчэла. Адскочылі мы, ідзём. Насустрач два энкавэдзісты: “Кто такие?” — “Цнянскія”, — “Никого не видели?” — “Не-а.., сядзеў там нейкі”, — задрыжэў дзядзька. Потым мы азірнуліся, а яны таго за ногі валакуць. Укінулі ў машыну, як палена, і паехалі. І як ён тады адтуль вылез — я і цяпер не магу зразумець...”

І ўсе ж у 1938 годзе адзін чалааек уцёк з-пад расстрэлу. “Праз плот — і не знайшлі”, — сведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911 г.) з Цны. Адзін чалавек... Можа, ён яшчэ дзе жыве? Можа, прачытае гэтыя радкі і азавецца?

Марыя Рыгораўна пацвердзіла, што перш чым людзей пастраляць, ім затыкалі рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскі Драздова Скварчэўскі Васіль Якаўлевіч (з 1930) і іншыя. Аднак шмат хто чуў крыкі, плач, маленні аб літасці. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, справа ў іншым. Чалавек, які доўгі час рэгулярна забівае людзей, пастулова робіцца садыстам. У яго ўзнікае патрэба памучыць сваю ахвяру, перш чым яе забіць. Вось і мучылі людзей перад смерцю.

Відаць, не патроны эканомілі забойцы, калі імкнуліся прашыць адной куляй дваіх чалавек адразу. Гэта была свайго роду бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафесіяналізму. М. Карловіч, пэўна, якраз і ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу з вінтовак. Мы падрабязна апытвалі ўсіх, хто чуў, як гучалі стрэлы, і тых, хто бачыў, як забівалі, ці дачуўся ад тых, хто бачыў, — і прыйшлі да высновы, што стралялі ў асноўным з наганаў ці пісталетаў (што і пацвердзілася потым раскопкамі).

“А моцна гучалі стрэлы?” — пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны Шаханавай (з 1929 г.) з Цны. “Не, гэтак суха — “хлоп-хлоп-хлоп”, але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчаць, і зноў — “хлоп-хлоп-хлоп”. Валянціна Міхайлаўна таксама была ўнутры “душагубкі”. Падкапаліся з суседнім хлапчуком пад плот і залезлі, каб назбіраць ягад (а было ім гадкоў па 10—12). Там яны ўбачылі ўскапаную зямлю і мноства засыпаных ям. Вылезлі з ягадамі, а насустрач вайсковец. “Стой! А ну, высыпай!” — загадаў хлопчыку. Забраў ягады і як гыркне: “Марш атседава!”

Расстрэлы адбываліся да самага пачатку вайны. У час вайны жыхары з навакольных вёсак разабралі плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве спілавалі і расцягнулі. Цяпер тут расце пасляваенны лес з 40—45-гадовымі дрэвамі.

“Немцы там не расстрэльвалі?” — пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны. “Не, немцаў там не было, не расстрэльвалі”. Гэтае пытанне мы задалі кожнаму апытанаму. Адказвалі ўсе аднолькава, — немцы гэтай мясцінай не цікавіліся.

“Як выглядала тая мясціна, калі разабралі агароджу?” — пытаемся ў В. Шаханавай. “Усё ўскапанае: пясок і высокая трава. І надта шмат чырвоных грыбоў, гэткіх пунсовых, на тоненькіх ножках. Нібы крывёй налітых. От, казалі, кроў людская прарасла”. Пра чырвоныя грыбы на магільных ямах успаміналі многія людзі, лічылі, што гэта яны ад пралітай крыві з'явіліся. Зноў фальклорны вобраз пакут, падумалі мы. Але потым высветлілі: праўду казалі людзі. Такія грыбы называюцца часночнікі, растуць на глыбока ўскапаным пяску і пахнуць часнаком.

Цяжка размаўляць са старымі жанчынамі пра той час. “А мае дзеткі, колькі добрых людзей пастралялі — выгукае Кацярына Мікалаеўна Багайчук. — Хоць бы ім помнік які паставіць!” Плача... “Асабліва жудасна было ноччу, — кажа Надзея Яфімаўна Хоміч (з 1922 г.) з Зялёнага Луга. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыязджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу. — Заўсёды стрэлы, брэх сабак, крыкі, галашэнне”. Таксама плача...

“Сабакі былі злыя, відаць, галодныя, — дадае Соня Андрэеўна Козіч (з 1925 г.) з Зялёнага Луга. — А стралялі амаль без перапынку, асабліва ўначы”.

“Шмат было кругом распырскана крыві, — расказвае Марыя Іванаўна Пацяршук (з 1925 г.) з Цны. — Стогны, стагналі нават закапаныя...”

Вера Фёдараўна Тоўсцік (з 1933 г.) з Драздова памятае, калі было ёй гадкоў сем, са старэйшымі дзецьмі бегала глядзець на забойствы. Успаміны яе фрагментарныя, што захавала дзіцячая памяць — засыпаныя свежым жоўтым пяском ямы і кроў на траве. “I пясок над ямамі яшчэ варушыўся, нібы дыхаў”.

Пытанне: “Ці забралі каго з Драздова?” — “Не памятаю, малая была, Але старэйшыя расказвалі, што па вёсках забіралі. Ездзіла машына. Ноччу заходзілі і казалі — збірайся. Куды — не тлумачылі. От чалавек і збіраўся, клаў у торбачку хлеба, сала. А іх потым прывезлі ўнь туды і пастралялі ў ямах. Няўжо ж ніхто ім і помніка не паставіць? Колькі людзей набіта! Колькі народу звялі!”.

Матруна Мікалаеўна Мантасава (з 1914 г.) з Зялёнага Луга расказвае, што ў 1937 годзе забралі двух мужчын Стрыгавых з Падбалоцця. “Хто яны былі?” — пытаемся. — “А простыя людзі, рабочыя”. — “За што ўзялі?” — “Ніхто не ведае. Тады не казалі і не пыталіся. Ноччу па вёсках машына, буда такая хадзіла — “чорны воран” называлася. Людзей забіралі і адвозілі. І да сённяшняга дня ніхто не ведае, дзе яны. Можа, там і ляжаць... Схапілі яшчэ мужа Тані Матусевіч і настаўніка, што побач жыў. Прозвішчы астатніх не прыпамінаю. Усе казалі, што па вёсках забіраюць. Колькі добрых людзей пазабівалі! Цяпер хоць 6ы ім помнік які паставілі. Гэта ж такі глум быў над народам!”

В. Шаханава паведаміла, што памятае, як забралі трох чалавек з суседняй вёскі Якубавічы. “За што?” — “От, кажуць, адзін на аднаго па злосці нагаварылі — усе і згінулі. І ў нас у Цне схапілі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу. Добры быў чалавек”. Валянціна Міхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданні старэйшых, як чапляліся з дамаганнямі да аднаго цнянскага актывіста-брыгадзіра, каб “паставіў” неабходную колькасць “ворагаў народа”.

Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыі Рыгораўны Пацяршук. “З Хмарыншчыны (гэтай вёскі ўжо не існуе. — Аўт.) забралі трох чалавек: Філіповіча Андрэя, Цярлюка Сцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага”. — “Ці чулі пра запросы ці патрабаванні выдаць “ворагаў народа?” — “З 1937 года старшынёй сельсавета (мы тады былі Папернянскага сельсавета) быў Бацян Цімафей Васільевіч, дык у яго дапытваліся — ці няма ў цябе якіх? А ён адказваў: не, у мяне няма”.

Пытанне: “Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалі людзей?” — “Так, расстрэльвалі. У Ждановічах, ля Баравой, ля Драздова справа ад вузкакалейкі (цяпер вузкакалейкі няма. — Аўт.) і ў Мінску за паркам Чалюскінцаў, там, дзе завод Вавілава”.

Пытанне да М. Р. Пацяршук, Д. I. Тоўсцік і М. I. Пацяршук (дэпутат сельсавета, член КПСС): “Што цяпер трэба зрабіць з гэтай мясцінай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?” — “Паставіць помнік”, — адказваюць усе.

Спаткаліся нам, аднак, людзі, што расказвалі пра ўсё амаль шэптам. Прасілі нідзе не называць іхняе прозвішча. Некаторыя адмоўчваліся. А, напрыклад, Мікалай Васільевіч Ігнашоў (з 1914 .г.) з Зялёнага Луга, які прайшоў праз усю вайну да Берліна, сказаў нам толькі, што баяўся нават набліжацца да таго плота, бо хто за яго заходзіў — назад не вяртаўся.

Аднак былі і сарві-галовы, якія пацяшаліся тым, што выкопвалі трупы (асабліва спачатку, калі не было плота) і саджалі іх пад дрэва, каб “насаліць” энкавэдзістам. “Адзін раз нехта адкапаў і выцягнуў з ямы дваіх, — расказвае В. Скварчэўскі. — Пасадзіў пад дрэва, даў у рукі газету, — хай чытаюць. Шум быў. Хацелі дазнацца, хто гэта зрабіў”. Такі быў тут побыт... Абставіны, якія спараджалі ледзянячы жах і ледзянячае кашчунства.

Аналіз сталінскай сістэмы генацыду, новыя факты, што выяўлены цяпер, робяць зразумелым, чаму знішчалася ў першую чаргу інтэлігеніцыя, кіруючыя партыйныя і ваенныя кадры, працавітыя сяляне. Але не заўсёды зразумела, чаму забівалі цёмных, нават непісьменных сялян і рабочых. Цяжка ўявіць сталінскую логіку і тых, хто быў з ім, бо яна, па сутнасці, не чалавечая, яна з нейкім іншым знакам. Тлумачэнне можа часткова даць так званая “планавая эканоміка” рэпрэсій. У 1930-х гадах Молатаў паведаміў Сталіну, што не хапае турмаў, а самае галоўнае, скардзіўся Молатаў, што арыштаваных “трэба карміць”. У краіне якраз быў голад. Тады шырока пачалі прымяняць лагерную сістэму, забойства людзей на этапах у дарозе, марэнне марозам і голадам і да т. п. У знішчэнні народаў быў прыменены планавы “прагрэсіўны” метад. На кожны горад, раён і г. д. выдавалася разнарадка. Рэпрэсіі адбываліся па графіку. Узнік “рух” за выкананне і перавыкананне плана рэпрэсій (выяўлення “ворагаў народа”). Колькасць індывідуальна выяўленых “ворагаў” паведамлялася ў справаздачах, выступленнях, газетах. Калі ж план не выконваўся, а быў канец планавага перыяду, бралі любога. Тады і гойсалі “чорныя вораны” па вёсках.

Мясціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказалі яны, мясціна называлася Курапаты. “А чаму?” - “Бо вясной там скрозь раслі белыя кветкі — курапаты”. “Кураслепкі хіба?” — “Ага, кураслепкі — курапаты (дыялектная назва белых пралесак. — Аўт.)”.

Невыказна цяжкае ўражанне пакідаюць Курапаты. 3 паўднёвага боку мясціну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалі тут у 1957 годзе. Тады выграбалі чарапы і косці. Падымаемся па адхону, ступаем у лес, і адразу пачынаюцца магілы — безліч праваленых зарослых ямін. Людзі згнілі — і зямля асела. Яміны розныя: 2X3; 3X3; 4X4; 6X8 метраў і большыя. Западзіны бываюць на 70—80 см. У цэнтры - вялікі ўзгорак-града. На схілах яго і ў лагчынах скрозь праваленыя ямы, ямы. Толькі па самай вяршыні грады больш-менш гладка — нібы дарога была некалі. Можа, па ёй пад'язджалі машыны, каб пасвяціць фарамі ў начы. 3 паўднёвага боку мы знайшлі месца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад ім, як і распавядалі нам вяскоўцы. Па ледзь прыкметных выемках пазнаём, дзе стаялі слупы — на адлегласці чатырох метраў адзін ад аднаго.

Ямы розныя па памерах. Магчыма, былі неаднолькава заглыбленыя. Таму колькасць забітых падлічыць па магілах больш-менш дакладна не ўдаецца...

У 70-х гадах на Курапатах было яшчэ адносна ціха. Цяпер сюды наблізіўся мікрараён Зялёны Луг-6. Калі прыйдзеш на магілы, ахоплівае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку мінчан. Гуляюць дзеці...

3. Пазняк: 1 мая сёлета тут было весела і тлумна, як на праспекце. Адпачываюць сем'ямі і кампаніямі. У магілах паляць вогнішчы, тут жа ядуць, п'юць, смажаць шашлыкі, іграюць на гітарах, у карты, ламаюць голле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзістары. Адзін счэсвае бярэзіну, што вырасла з магільнай западзіны, хоча дастаць соку... Дзіўлюся, чаму не цячэ з яе кроў. Вядома, людзі нічога не ведаюць; не ведаюць, што пад імі ляжыць пакаленне. Але зноў успыхвае ў свядомасці вобраз, як той паравоз, толькі з шашлычным дымам.

Я. Шмыгалёў: Калі паміраюць “ціхія пенсіянеры”, што стварылі гэтае бяспамяцтва, іх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра іх добрыя словы, грае аркестр. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх і наганныя стрэлы. А як пакутавалі дзеці, сем'і рэпрэсіраваных! 0 не, трэба памятаць усё. І пасля смерці хай кожнаму аддасца яго.

Агляд некаторых магіл спарадзіў у нас трывожныя падазрэнні. Занадта глыбокія западзіны, а па баках часам бугаркі, нібы раскопваў хто некалі. Некаторыя ямы нядаўна раскапаны ў глыбіню больш чым на метр. Нідзе ніводнай косткі. У адной магіле школьнікі паглыбляюць зямлянку. Глыбіня звыш метра. Чысты рыхлы незляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнілася, калі мы ўспомнілі апавяданне аднаго вяскоўца, які захацеў застацца інкогніта — аб тым, што адразу пасля вайны тут доўга капаліся салдаты.

5 мая 1988 г. сіламі археалагічнай групы Інстытута гісторыі АН БССР мы правялі раскопкі адной з магіл. Шурф 0,5X1 м у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіню 1,5 метра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок.

Гэтае адкрыццё усю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла не менш, чым сам факт масавых рэпрэсій. Як жа мы недаацанілі іх подласць! Вось хто капаўся тут пасля вайны! Замяталі сляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што тварылі! Дзе ж ваша “чэсная” ўпэўненасць у справядлівасці сваіх спраў, у справядлівасці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такую егіпецкую работу! Выкапаць столькі трупаў! Куды вы іх падзелі? Вывезлі і закапалі? Спалілі? Не дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Цанава? Маленкоў? Хто?

У той жа дзень выявілася, што не ўдалося забойцам замесці сляды. Да нас падышлі хлапчукі, што 1-га мая капалі зямлянку ў магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі загарадку з жэрдак, і мы ўбачылі кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касцей, скуранога і гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два метры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых касцей. Яны адкапалі ніжні штабель магілы.

Успомнім, як энкавэдзісты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалі трупы і раўнялі дно. Пры эксгумацыі салдаты выбралі косці да глыбіні двух метраў і вырашылі, пэўна, што яме канец. Ці проста “схалтурылі”, калі начальства побач не было. Сапраўдная глыбіня магільнай ямы 2,8 м, памер прыблізна 3X3 м. Хлопчыкі акуратна, як археолагі, выбралі палову штабеля (23 чалавекі). Сярод трупаў знайшлі фарфоравыя і эмаліраваныя кубкі, скураны кашалёк з савецкімі капейкамі 1930-х гадоў (апошняя дата на манетах — 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу віцебскай фабрыкі, шмат пустых страляных гільзаў ад нагана дыяметрам 7,5 мм і круглыя паламаныя акуляры ў тонкай металічнай аправе. На ўсіх гумовых галёшах клеймы айчынных фабрык і дата выпуску — 1937 г. Знойдзены скураныя мужчынскія боты, а таксама і жаночы абутак. Кулявыя адтуліны ў чарапах, як правіла, на патыліцы, дзе часта відаць побач па дзве дзіркі. Ёсць некалькі чарапоў з дзіркамі ў скроні, на лбе і зверху галавы (дастрэльвалі ў яміне). Усе ўваходныя адтуліны дыяметрам 7,5 мм.

Пра што гавораць гэтыя знаходкі? Магіла была “настраляна” ў 1937—1938 гг, Забівалі з наганаў. Людзей, відаць, расстралялі без суда, без аб'яўлення выроку смерці. Вось тут яны і ляжаць са сваімі клуначкамі, сабранымі, калі загадалі “збірацца”, кубачкамі, зубнымі шчоткамі і нават медзякамі. На расстрэл, пэўна, не рыхтаваліся.

Хочам назваць прозвішчы хлопцаў, якія дапамаглі нам у нялёгкім даследаванні. Гэта Ігар Бага (ён ужо скончыў школу і працуе мулярам) і вучні 171-й школы Мінска Віктар Пятровіч і Аляксандр Макрушын.

Другая яміна-магіла была закранута ў час пракладкі газавай траншэі па вяршыні ўзгорка-грады праз Курапаты. Магіла невялікая, размешчана была ўбаку ад былога праезду. У час эксгумацыі яе, пэўна, “прапусцілі”, забыліся раскапаць. Рабочыя БМУ “Белспецмантаж” Дзяржкамгаза БССР і потым дзеці выявілі тут косці і 15 прастрэленых чарапоў, 20 пар скуранога абутку і галёшаў. Сярод абутку — рэшткі жаночых туфляў. На галешах клеймы айчынных фабрык і дата — 1939г. На адным галёшы кляймо рыжскай фабрыкі і надпісы па-латышску. Дата — 1939 г. Зразумела, што гэта магіла 1940 года, дзе сярод іншых быў расстраляны латыш (з Латвіяй, здаецца, тады галёшамі не гандлявалі).

Пра раскопкі быу складзены адпаведны акт і паведамлена ў Бараўлянскі сельсавет. Старшыня сельсавета Сяргей Іванавіч Чачанец паставіўся з разуменнем да звестак пра магілы расстраляных. Была нават створана камісія для высвятлення акалічнасцей і перазахавання чалавечых рэшткаў, а косці сабраны ў спецыяльна зробленую труну.

Цяпер перш за ўсё трэба змясціць адпаведныя надпісы ля Курапат з інфармацыяй пра гэтую мясціну, каб людзі ведалі, што яна не для пікнікоў і адпачынку. Не думаем, што эксгумацыя ўсіх магіл, мяркуючы па тым, што выяўлена, была праведзена ў 1940-х гадах акуратна, да канца. Напэўна, там яшчэ ляжаць на дне глыбачэзных ямін тысячы забітых.

Неабходна таксама зрабіць публічнае перазахаванне адкапаных рэшткаў і падумаць пра помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій на гэтым месцы.

Асобная тэма — пра дараванне і пакаранне. Няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма даравання за генацыд. На тых, што рабілі такое, не павінен распаўсюджвацца тэрмін даўнасці. Калі трапляеш у глыбокую і халодную трохметровую яму, усланую трупамі, — бярэш у рукі слізкую падэшву ад маленькай, не больш за 34 памер жаночага туфля, - разумееш гэта адназначна.

...А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія “прынцыпы”.


"Літаратура і мастацтва." 03.06.1988.

Chytal`nja          Da tytul`nae staronki